http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157899

Як Менск шукае ворагаў... (аўдыё)

28.06.2011

Беларускія ўлады працягваюць пошук вінаватых у крызысе ды ўсіх астатніх бедах. Найбольш атрымлівае Расея, прычым суседнюю краіну лаюць з самых высокіх трыбун беларускай улады.

Ня так даўно Аляксандар Лукашэнка падчас чарговага выступленьня, якіх у апошні час проста безьліч, раскрыў амаль што дзяржаўную тайну. Паводле яго, у тым, што беларусы кінуліся раскупляць цукар, соль ды іншыя тавары, цягнучы на плячах набыткі дадому, вінаватыя расейскія СМІ. Паводле беларускага лідара, гэта суседнія журналісты стварылі атмасфэру панікі, а беларусы, наглядзеўшыся маскоўскіх тэлеканалаў, рынуліся ў крамы. А вось нядаўна адзін зь вядучых беларускіх прапагандыстаў з БТ Юры Пракопаў абвінаваціў СМІ Расеі ў ігнараваньні памятных мерапрыемстваў. Такім чынам беларускія ўлады вуснамі штатнага прапагандыста пракамэнтавалі адсутнасьць Дзьмітрыя Мядзьведзева побач з Лукашэнкам у Берасьцейскай крэпасьці 22 чэрвеня, у чарговую гадавіну нападу Гітлера на Савецкі Саюз.
А вось чарговае абвінавачаньне... Нібыта за мірнымі пратэстамі беларусаў штосераду на цэнтральных плошчах гарадоў стаіць... Хто? Зразумела, Расея! -лічыць афіцыйны Менск і ўдакладняе, што расейскія спэцслужбы.

Мы вырашылі зьвязацца са спэцыялістамі й супольна раскрыць намеры “коварного врага”. Беларускі палітоляг Юры Шаўцоў лічыць, што акцыя, якая праходзіць кожную сераду, калі людзі каардынуюць свае дзеяньні за пасярэдніцтвам сацыяльных сетак, сапраўды арганізавана нейкай моцнай групай спэцыялістаў. Пры гэтым ён не ўдакладніў, хто за гэтым стаіць.

І сапраўды, сілавыя структуры Беларусі бадай што ўпершыню адчулі, што пэўныя акцыі ім непадкантрольныя – бо інтэрнэт такая штука, што нават бязсільны і ўсясільны Камітэт дзяржбясьпекі. Пра паніку сярод людзей у пагонах сьведчыць хоць бы факт, што 3 ліпеня забаранілі людзям пляскаць у далоні. Інтэрнэт пакуль не забароніш, бо быў бы скандал у сусьветным маштабе.

Расейскі ж палітоляг Кірыл Коктыш лічыць, што беларускае кіраўніцтва – спэцыяліст па пошуках ворага, бо ж трэба на некага зьвярнуць віну за катастрафічны стан дзяржавы.

Падсумоўваючы... Ёсьць вельмі мудрыя й прыгожыя словы – не народ для ўлады, а ўлада для народа. Калі не памыляюся, дык гэта сказаў Кастусь Каліноўскі. Думаю, што было б намнога карысьней і для дзяржавы, і для ўлады, і для народа, каб тая ж улада не шукала ворагаў, а занялася б праблемамі таго ж народа. І калі б так было, дык людзі не кучкаваліся б у інтэрнэце й не выходзілі б на плошчы.

вс

поўная вэрсія матэрыялу – у далучаным гукавым файле