Падчас традыцыйнай “акцыі маўчаньня”, якая па серадах ладзіцца на плошчах беларускіх гарадоў, у Менску на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца моладзевая дыскатэка. Пра гэта паведаміла “Народная воля” са спасылкай на прарэктара па выхаваўчай працы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта фізычнай культуры Аляксея Гататуліна.
Паводле яго словаў, ад 18 да 21 гадзіне на цэнтральнай плошчы сталіцы абудзецца дыскатэка для моладзі. У рэдакцыю газэты зьвярнуўся студэнт адной зь менскіх ВНУ, які распавёў, што адміністрацыі менскіх навучальных устаноў атрымалі загад “накіраваць 29 чэрвеня на Кастрычніцкую плошчу па 100 студэнтаў-прыхільнікаў прэзыдэнта”.
Афіцыйнае інфармагенцтва БелТА паведаміла ў сваю чаргу, што ўвечары сябры БРСМ на бронетранспарцёрах будуць патруляваць вуліцы ў цэнтры беларускай сталіцы. Патруляваньне адбудзецца ў рамках спартакіяды “Акадэмія мужнасьці”.
Менавіта ў гэты час на Кастрычніцкай плошчы маюць сабрацца ўдзельнікі “акці маўчаньня”, якая ладзіцца рознымі сацыяльнымі сеткамі. Яе ўдзельнікі моўчкі й пляскаючы ў далоні выказваюць пратэст супраць эканамічнай і палітычнай сыстэме ў краіне.
дг