http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157954

НАВУКА Й ТЭХНІКА

30.06.2011

Касьмічнае сьмецьце небясьпечнае для касманаўтаў

Каманда Міжнароднай касьмічнай станцыі перажыла жудасныя хвіліны, калі аказалася, што ў іхным напрамку ляціць касьмічнае сьмецьце невядомага паходжаньня, якое пагражае вельмі небясьпечным сутыкненьнем.

Пакуль NASA ня ведае, ці гэта была частка старога спадарожніка, малы касьмічны камень ці фрагмэнт нейкай ракеты. Пры гэтым шасьцёра астранаўтаў былі запозна папярэджаныя й не пасьпелі зьмяніць траекторыю палёту станцыі. І таму ім прыйшлося хутка эвакуявацца ў расейскія капсулы «Саюза». На гэты раз усё закончылася шчасьліва, бо абломак пераляцеў побач са станцыяй.

Аднак экспэрты перасьцерагаюць, што ў будучыні падобныя выпадкі могуць здарацца часьцей. У космасе знаходзіцца больш за 5 тысячаў тонаў сьмецьця, дарэчы, пакінутага чалавекам.

Гэта ня быў першы выпадак эвакуацыі экіпажу Міжнароднай касьмічнай станцыі. Два гады таму касманаўты таксама хаваліся ў капсулах, калі аказалася, што з хуткасьцю амаль 7 кілямэтраў на сэкунду ў іхным напрамку набліжаецца касьмічны абломак.
 
Брытанскія навукоўцы ведаюць, як справіцца з касьмічным сьмецьцем: яны сканструавалі касьмічны пыласос „Cube Sail”, які пачне сваю працу праз два гады.

Карысьці дашкольнай адукацыі

Карысьці, якія вынікаюць з адукацыі ў гэтак званым нулявым клясе (гаворка ідзе пра дашкольную адукацыю) адчувальныя цягам усяго дарослага жыцьця чалавека. Гэткія высновы зрабілі навукоўцы, якія дасьледвалі жыцьцё жыхароў Чыкага.

Яны правяралі станоўчы ўплыў адукацыі ў нулявым клясе на такія аспэкты жыцьця, як узровень заработнай платы ці адукацыю, здароўе й схільнасьці да парушэньня законаў. Дасьледчыцкай праграмай былі ахопленыя асобы, якія наведвалі нулявы кляс, ды людзі, якія карысталіся іншымі дзяржаўнымі адукацыйнымі праграмамі, напрыклад, хадзілі ў дзетсад.

„Мы дасьледвалі жыцьцё 1,5 тысячы чалавек, якія нарадзіліся ў 80-х гадох - з моманту нараджэньня да часу, калі ім споўнілася 28 гадоў”, - паясьніў адзін з аўтараў праекту Артур Рэйнальдс зь Мінэсоцкага ўнівэрсытэту.

Паводле навукоўцаў, асобы, якія хадзілі ў нулявы кляс, лепш давалі сабе раду ў розных галінах жыцьцья. Сярод найважнейшых козыраў ранейшай адукацыі навукоўцы называюць вышэйшы матэрыяльны статус, лепшую мэдычную страхоўку ды меншую схільнасьць да парушэньня законаў. Навукоўцы палічылі нават фінансавыя карысьці, якія вынікаюць з дашкольнай адукацыі – дэвідэнды зь інвэстыцыі ў адукацыю дзяцей, паводле іх, складаюць 18% гадавых.

Трэба дадаць, што нулявы кляс у ЗША пачынаецца раней, чым у Польшчы – у чатыры гады.

Астраномы заўважылі неадкрытыя звышновыя зоркі

Надоечы астраномы паведамілі пра адкрыцьцё невядомых касьмічных зьяваў. Яны заўважылі вельмі моцныя ўспышкі, якія, паводле іх, сьведчаць пра новы род гэтак званай звышновай зоркі.

Звышновая - гэта зорка, якая заканчвае сваё існаваньне магутным выбухам, падчас якога выкідвае ў космас гіганцкія колькасьці праменяваньня й матэрыі. Успышкі настолькі магутныя, што бачныя на Зямлі, хоць узьнікаюць у адлеглых куткох усясьвету. Цяпер астраномы заўважылі шэраг дзіўных успышкаў, якія нельга абгрунтаваць вядомымі да гэтага часу схемамі ўзьнікненьне звышновых зорак.

Адкрытыя звышновыя зоркі больш яркія, а іх бліск бачны ня некалькі дзён ці тыдняў, але й нават два месяцы. Вынікі дасьледаньняў астраномаў апублікаваў тыднёвук „Nature”.

Італія - лідар па вытворчасьці віна ў Эўропе

Паводле апошніх дадзеных Эўрапейскай камісіі, Італія зьяўляецца найбольшым вытворцам віна ў сьвеце (49 мільёнаў 600 тысячаў гекталітраў). На другім месцы Францыя – 46 мільёнаў 200 гекталітраў віна.

Вынікі згаданага рэйтынгу тым больш цікавыя, што паверхня вінаграднікаў ў Італііі меншая, чым у Францыі. Пры гэтым італьянцы экспартуюць больш віна, чым французы.

Тым часам францускае віно даражэйшае, чым італьянскае, што для некаторых можа азначаць таксама лепшую якасьць. Італьянцы не згаджаюцца з гэтым меркаваньнем, прызнаючы адначасова, што французы проста ўмеюць даражэй прадаць свой напой за мяжой. Кожная бутэлька францускага віна ў сярэднім на 2,5 эўра даражэйшая, чым італьянскага. Апрача таго, італьянцы ажно 40% свайго напою прадаюць замежным разьлівачным заводам, таму не да канца кантралююць яго якасьць.


Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org