Касьпійская нафта Azeri Light, прапампоўка якой пачалася ў лютым па трубаправодзе Адэса - Броды, паступіць на Мазырскі нафтаперапрацоўчы камбінат у ліпені, пасьля чаго прадпрыемства пачне яе перапрацоўку, паведамілі агенцтву БелаПАН на прадпрыемстве.
На дадзены момант завяршаецца выцясьненьне расейскай тэхналягічнай нафты Urals, якой запоўнены нафтаправод.
Пастаўкі нафты з Азэрбайджану робяцца на падставе дамоўленасьцяў паміж ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія", Дзяржаўнай нафтавай кампаніяй Азэрбайджану й Вэнэсуэлай. Азэрбайджанская нафта будзе замяшчаць вэнэсуэльскую ў рамках своп-кантрактаў. У 2011 годзе па своп-схеме ў Беларусь па нафтаправодзе Адэса - Броды плянуецца паставіць 4 мільёны тон азэрбайджанскай нафты.
кр/ БелаПАН