Рэвалюцыя па-менску... (аўдыё)
Гук “маўклівых акцый” у Менску: ад сьпеваў Пеці Ялфімава да партызанскіх апладысмэнтаў
Карэспандэнт Беларускай службы Польскага радыё збоку назіраў за “маўклівай акцыяй” у сталіцы 29 чэрвеня. І зрабіў для сябе нечаканае адкрыцьцё. Некалі сарамліы й рахманы Менск набыў-такі сваё арыгінальнае пратэстнае гучаньне.
Цяпер і беларуская сталіца віруе, як Бэрлін падчас шэсця антыглябалістаў, як Барсэлёна падчас лігачэмпіёнскіх матчаў па футболе й нават як Рыа-дэ-Жанэйра падчас свайго славутага карнавалу.
Толькі беларускія “маўклівыя гуляньні” маюць свой непаўторны гукавы калярыт.
Такім чынам, Менск, 29 чэрвеня 2011-га года, 19 гадзін 20 хвілін. Нязгодныя з палітыкай дзейнай улады беларусы сабраліся ўздоўж цэнтральнага праспэкту ў цэнтры горада. А там, на Кастрычніцкай плошчы, ваўсю паказваюць студэнцкі канцэрт БРСМ, дзе “стараецца” “залаты голас” Беларусі Пеця Ялфімаў. Той самы, што праляцеў некалі на “Эўрабачаньні” й зараз спрабуе скарыць бээрэсэмаўцаў.
Але вясельля ў цэнтры Менску няма, нягледзячы на “стараньні” “залатога салаўя” Ялфімава.
Кастрычніцкая плошча перакрытая двайным кардонам мэталёвых турнікетаў, падзелена на два сэктары. У першым – сабраліся бээрэсэмаўцы. У другім, амаль пустым, мокнуць пад дажджом міліцыянты. Магчыма, “пусты” сэктар адгарадзілі, каб тут у выпадку чаго разабрацца з пратэстоўцамі, якія возьмуць ды й кінуцца рабіць прамову да мікрафона Пеці Ялфімава. А тут такое ноў-хаў – адгароджаны турнікетамі сэктар. І з бээрэсэмам зьмяшацца ніхто ня зможа…
Варта адыйсьці ад цэнтру сталіцы на сто крокаў, як вы пачуеце абсалютна іншыя гукі. Гэта рычаньне малінавага міліцэйскага аўтобусіка, у які цягнуць тых, што пляскаюць у далоні, падазроных удзельнікаў “маўклівай акцыі”. Гэта гукі сырэнаў і галасы аўтамабіляў, якімі таксама кіруюць “нячэсныя”. Гэта пагрозы у бок людзей ад спэцназаўскіх камандзіраў.
Варта толькі адыйсьці ад цэнтру беларускай сталіцы, як вы трапіце на вучэньні “штазі”. Сотні людзей у цывільным, з навушнікамі, з рацыямі. Яны, без прад’яўленьня якіх-небудзь дакумэнтаў і іншых цырымоніяў, могуць схапіць кожнага – жанчыну сярэдняга веку, журналіста, які спрабуе прад’явіць свой службовы бэйдж, студэнта, школьніка…
Агенты ў цывільным – паўсюль. Але людзі, якія ў чарговы раз прыйшлі на “маўклівую акцыю”, ня надта пужаюцца. Я ўжо пасьпеў пабачыць тры затлумленыя арыштантамі аўтобусы, малінавага й блакітнага колеру, а апладысмэнты ўсё не сціхаюць. Хоць многія пляскаюць у далоні па-партызанску, абачліва, азіраючыся, ці не схаваўся за дрэвам агент у штацкім.
Увечары 29 чэрвеня на “маўклівую акцыю” ў сталіцы выйшла ня так шмат людзей – некалькі тысячаў. Але гэта працягваецца кожную сераду, нягледзячы на шматлікія затрыманьні, штрафы, пагрозы, зьбіцьцё. Да сталічных пратэстоўцаў падключыліся жыхары Горадні, Берасьця.
І хто ведае, што можа здарыцца на наступнай акцыі, трэцяга ліпеня? Ці ў адну зь серадаў?
Улічваючы партызанскі характар беларусаў, падзеі могуць разьвярнуцца нечакана. Сёньня на дварэ – пару тысяч “маўклівых пратэстоўцаў”. А заўтра з балотаў, з-за дрэваў і з-за цёмных кутоў павыскоквае у дзесяць разоў болей.
Аляксандр Парошын, Менск