http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158026

Рэвалюцыя па-берасьцейску (аўдыё)

30.06.2011

Прыблізна 100 чалавек было затрымана пад час “маўклівай акцыі пратэсту”, якая адбылася 29 чэрвеня ў горадзе Берасьці. На 57 асобаў былі складзеныя пратаколы, паведамляюць мясцовыя праваабаронцы.
Позвы зьявіцца ў суд раздалі ў рукі затрыманым ужо ўначы, у Ленінскім РАЎСе. Суды адбудуцца пераважна 1, 4 і 5 ліпеня. Сем затрыманых чалавек правялі ноч у пастарунку, суды над імі маюць адбыцца сёньня.

Праваабаронца Ўладзімір Малей: “Я атрымаў інфармацыю, што з 57 затрыманых, на якіх былі складзеныя пратаколы, 50 адпусьцілі, а 7 будуць сёньня судзіць”.

У “маўклівай акцыі пратэсту” 29 ліпеня ў Берасьці ўдзельнічала да 800 чалавек. На цэнтральнай плошчы ім. Леніна ваенны аркэстар праводзіў рэпэтыцыю да сьвята 3 ліпеня. Плошча была агароджана турнікетамі. Прастаяўшы 20 хвілінаў на ўваходзе на плошчу, натоўп рушыў па вул. Пушкінскай да вул. Савецкай. На перакрыжаваньні з вул. Гогаля, каля помніка 1000-годдзю Берасьця, стаяў спэцназ і міліцыя. Пачаўся хапун, у які траплялі і простыя мінакі. Затрыманых кідалі ў аўтазакі і міліцыэйскія машыны, адвозілі ў Ленінскі РАЎС горада.

На думку праваабаронцы Ўладзіміра Вялічкіна, затрыманых учора было намнога больш, чым тое вядома праваабаронцам і журналістам.

Уладзімір Вялічкін: “Хацелася б зьвярнуць увагу на такую рэч –  затрымліваюць дзесяткі й сотні, у асобным населенным пункце, такім, як Берасьце, а інфармацыя аб затрыманых не трапляе ў СМІ ў поўным аб’ёме, таму што на акцыю прыходзяць людзі абсалютна новыя, паміж сабою не знаёмыя. Усіх іх аб’ядноўвае адна ідэя… Калі іх “хапаюць”, яны проста ня ведаюць, да каго зьвярнуцца. У лепшым выпадку яны патэлефануюць свім знаёмым, але не праваабаронцам ці не арганізатарам, якіх няма. Таму, сапраўды, вельмі складаная сітуацыя з адсочваньнем гэтай інфармацыі па затрыманьнях”.

Ад серады да серады ў Берасьці відавочна павялічваецца колькасьць удзельнікаў “маўклівай акцыі пратэсту”, арганізаванай праз сацыяльныя сеткі.

Рада Міровіч, Берасьце