http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158039

Польскія рабочыя патрабуюць павялічыць мінімалку да 550 даляраў

30.06.2011

У Варшаве адбываецца пратэст прафсаюзу “Салідарнасьць” супраць палітыкі ўраду. Дэманстрацыя пачалася з канцэрту на плошчы Пілсудcкага. Затым пратэстоўцы прайшліся па цэнтральных вуліцах сталіцы да сядзібы ўраду.

З сабою сябры прафсаюзу несьлі белыя сьцягі з чырвонымі надпісамі "Solidarność", а таксама спартыўныя сьвісткі. Над натоўпам узвышаўся вялікі паветраны шар з надпісам “Палітыка ваша – бяда наша”.

Удзельнікі шэсьця патрабуюць павелічэньня заробкаў і паляпшэньня ўмоваў жыцьця. “Салідарнасьць” патрабуе павялічыць мінімальны заробак да 550 даляраў. Гэта роўна палова сярэдняга заробку ў краіне. Сярод іншых патрабаваньняў: павялічыць колькасьць людзей, якія змаглі б атрымліваць сацыяльную дапамогу, часовага зьмяншэньня акцызы на паліва й прызначэньня большых сродкаў на барацьбу зь беспрацоўем.

Акцыя адбываецца мірна. На дэманстрацыю сябры прафсаюзу “Салідарнасьць” прыбылі разам са сваімі сем’ямі.

дг