http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158084

Польшча старшынюе ў ЭЗ

01.07.2011

З поўначы Польшча старшынюе ў Эўразьвязе. Цягам бліжэйшых шасьці месяцаў польскія палітыкі будуць ачольваць працу эўрапейскай супольнасьці ў Брусэлі, а таксама, падчас многіх міжнародных сустрэчаў, на месцы, у Польшчы.

З нагоды сёньняшняй урачыстасьці адбылося супольнае паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі : абедзьвюх палатаў польскага парлямэнту.

Прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі заклікаў парлямэнтароў да палітычнай згоды па найважнейшых справах, якія зьяўляюцца прыярытэтамі польскага старшынства ў ЭЗ. 

Браніслаў Камароўскі: Нашыя партнэры ў Эўразьвязе павінны атрымаць з гэтага важнага для палякаў месца (парлямэнту) адзін сыгнал, што Польшча ня толькі разьмешчаная ў цэнтры Эўропы, але, што з 1 ліпеня 2011 году, сэрца ўсёй Эўропы б’ецца менавіта тут - у Польшчы.

- заявіў Браніслаў Камароўскі. 

Ва ўрачыстасьці ў парлямэнце, апрача прэзыдэнта, удзельнічалі таксама прэм’ер-міністар, чальцы ўраду, а таксама запрошаныя госьці.

Сярод прыярытэтаў свайго старшынства польскія ўлады называюць пытаньні, зьвязаныя з бюджэтам ЭЗ пасьля 2013 году, крызысам у зоне эўра, а таксама праграмай „Усходняе партнэрства” – польска-швэдзкай ініцыятывай, якая павінна наблізіць да ЭЗ краіны былога Савецкага Саюзу, у тым ліку Ўкраіну, Беларусь, Армэнію, Азэрбайджан, Грузію, Малдову. Цягам бліжэйшых шасьці месяцаў палякі хочуць таксама зьвяртаць увагу на сытуацыю ў Паўночнай Афрыцы.

аз