Як жывуць беларускія рыбы, што ім пагражае? Я размаўляю з дацэнтам БДУ, членам грамадзкай кардынацыйнай рады пры Міністэрстве прыроды, сябрам Партіі зялёных Аляксандрам Сыкалам.
Спадар Аляксандар, пэрыядычна можна пабачыць паведамленьні, калі нейкі завод выпадкова зьдзейсьніў адкіды ў вадасховішча – і загінула вельмі шмат рыбы. Гэта тое, што даходзіць да шырокага кола грамадзтва. А што яшчэ пагражае беларускім рыбам?
Аляксандар Сыкала: Беларускім рыбам пагражае чалавек і ягоныя тэхналёгіі. Дняпро, які цячэ праз усю тэрыторыю Беларусі, туды, бліжэй да Ўкраіны ня проста брудны, а пакрыты алейнай плёнкай, ён мутны, вада сьмярдзіць, і рыба, якая там ловіцца, “умоўна ядомая”. Я сам рыбак, але апошнія гады вуджу паводле прынцыпу “злавіў – адапусьці”. І ня толькі таму, што “рыбку шкада”, а таму што вельмі часта есьці яе проста небясьпечна! Беларусь не забясьпечвае аховы тых рыбаў, якія жывуць у натуральных вадасховішчах, рэках. Але й штучнае разьвядзеньне рыбаў вельмі далёкае ад міжнародных стандартаў…
Тым ня меней, часам можна сустрэць паведамленьні, што ў беларускіх вадасховішчах трапляюцца рэдкія віды рыб – здараецца, напрыклад, да нас вельмі пакручастым шляхам заплываюць вугры. Якія рэдкія ці экзатычныя рыбы можна сустрэць у Беларусі?
Аляксандар Сыкала: Сустрэць можна многіх рыб – сапраўды, Чырвоная кніга Беларусі па іхтыяфаўне даволі шырокая… Вугар можа патрапіць, але на ягоным шляху паўстае Каўнаская ды іншыя ГЭС. Можа патрапіць вусач, але й яму перашкаджаюць ГЭС. Падвуста можна пабачыць у Заходняй Дзьвіне. Харыюс у паўночна-заходніх рэках трапляецца. Белы амур, таўсталобік – ужо ня рэдкасьць. Зьяўляюцца таксама віды, якіх раней не было – ёрш-насар, скажам… З рэдкіх рыбаў неаднаразова лавілі… амазонскую піраньню! Нехта, магчыма, набыў сабе дадому, набавіўся (ці яна яго за палец укусіла) – і выпусьціў у вадасховішча. Яна там ня будзе памнажацца, але будзе жыць – і нехта можа яе вылавіць. Для нас дужа важна наладзіць біяцэноз, дзе будуць збалянсаваныя розныя віды рыб. Вось, напрыклад, Мінскае мора – той выпадак, калі ў сямі няняк дзіця бяз вока. То там лешч, але няма платвы, то платва, але няма ляшча. То яны разам хварэюць на глісты, а потым бамжы іх ловяць і прадаюць аматарам піва, не паведамляючы падрабязнасьцяў. Потым былі шчупакі, потым яны зьніклі… Гэта ненармалёвая зьява, прызнак безадказнага стаўленьня. Калі ў нас усё будзе зроблена па навуцы, правільна – то Беларусь можа забясьпечыць сябе рыбай толькі за кошт унутранага рыбаводзтва, і наладзіць сур’ёзны экспарт.
Спадар Аляксандар, зьявілася інфармацыя, што ў Менску будуецца дэльфінарый. Я ведаю, што вы ў курсе справы. Што гэта будзе – забава ці сапраўды важны аб’ект для горада?
Аляксандар Сыкала: Я добра знаёмы з праектам – сапраўды, гэта будзе ўнікальны аб’ект. Расейская фірма, якая спэцыялізуецца на дэльфінарыях, прапанавала ўкласьці сюды 12 мільярдаў рубёў (да дэвальвацыі, што праўда). Там будзе вялікі дэманстрацыйны дэльфінарый, дзе будуць праходзіць паказы, шоў. Важна, што там можна будзе забясьпечыць здароўе дэльфінаў. Гэта істотна, бо адзін навучаны дэльфін, які выгадаваны ў няволі, паводле ацэнак амэрыканцаў, каштуе каля мільёна даляраў.
Спадар Аляксандар, а дзе ж мы набярэмся гэтых дэльфінаў за такія грошы?
Аляксандар Сыкала: Гэта для вас праблема. А я вазіў дэльфінаў з выспы Камсамольскай, з Мурманскай вобласьці таксама. Гэта не праблема.
А цяпер у Беларусі ёсьць дэльфіны?
Аляксандар Сыкала: Цяпер не, але некалькі разоў мы сюды прывозілі дэльфінаў, працавалі зь імі. Дэльфіны – гэта вельмі сур’ёзная справа, падрыхтоўка вады, тэхналёгіі, кантроль за мікрабіялягічным станам вады…
Вось гэты калясальны па кошце праект – за кошт чаго ён можа акупіцца?
Аляксандар Сыкала: Вы ведаеце, сярод відовішчаў я ня бачыў нічога падобнага. Мне давялося 4 месяцы працаваць з дэльфінамі ў Ізраілі. І хоць Ізраіль прыморская краіна, Тэль-Авіў прыморскі горад – залі ўвесь час былі запоўненыя! Думаю, і ў нас гэта выкліча надзвычай вялікую цікавасьць.
Арцём Багданаў, Менск