http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158109

Запрашаем у Польшчу: Аструда (аўдыё)

01.07.2011

Паколькі, сябры, цяпер лета, дык у рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” ў бліжэйшы час пастараемся апавядаць пра летні адпачынак у краіне на Вісьле. Сёньня накіруемся на паўночны ўсход Польшчы, які славіцца сваімі азёрамі, у Аструду. Гэта невялікі гарадок, у ім пражывае крыху больш за 33 тыс. чалавек. Аструда раскінулася ў маляўнічым месцы, на беразе двух азёр – Сморды ды Пузы.

Гарадок надзвычай добра прыстасаваны для летняга адпачынку – тут разьвітая гатэльная база, пункты харчаваньня розных катэгорый – на кожным кроку, ёсьць сучасная прыстань для яхтаў. Да гэтай прыстані таксама прышвартоўваюцца прагулачныя цеплаходы Аструдзка-Эльблёнгскага параходзтва, якія зьдзяйсьняюць рэйсы з пасажырамі па маляўнічых азёрах. Дарэчы, Аструда спалучана з горадам Эльблёнг Эльблёнгскім каналам. Водны шлях лічыцца помнікам гісторыі й ахоўваецца паводле законаў. Працягласьць каналу паміж гарадамі – крыху больш за 80 кілямэтраў. Працы на канале пачаліся ў 1844 годзе, а закончыліся ў 1860. Цягам многіх дзесяцігодзьдзяў водны шлях адыгрываў вельмі важнае эканамічнае значэньне ў рэгіёне. Цяпер жа зьяўляецца важным турыстычным аб’ектам. Дарэчы, на канале ўведзены арыгінальныя ў маштабе Эўропы тэхнічныя вырашэньні. На водным шляху ёсьць некалькі адрэзкаў, дзе канал нельга было пракласьці, перш за ўсё з-за вялікай розьніцы ва ўзроўні вадаёмаў, якія плянавалася спалучыць. І таму судны паміж, напрыклад, двума азёрамі перавозяцца на спэцыяльных вазках па рэйках. Выглядае гэта надзвычай цікава й крыху дзіўна – немалы турыстычны карабель з пасажырамі перамяшчаецца на плятформе паміж маляўнічымі краявідамі.

Але вяртаемся да Аструды... У гарадку таксама нямала помнікаў гісторыі ды архітэктуры, у тым ліку ў прускім стылі, бо да канца Другой сусьветнай вайны Аструда ўваходзіла ў склад Нямеччыны, была часткай Усходнй Прусіі. Так, у Аструдзе захаваўся гатычны архітэктурны плян гораду з 1270 году, у тым ліку абарончыя муры з 15-га стагодзьдзя. У горадзе некалі існаваў крыжацкі замак, пабудаваны ў 14 стагодзьдзі. У 1970-я гады замак быў пабудаваны амаль з нуля паводле захаваных плянаў ды малюнкаў, і цяпер зьяўляецца адным з галоўных турыстычных аб’ектаў рэгіёну. Акрамя таго, у Аструдзе некалькі касьцёлаў, у тым ліку пратэстанцкіх, з розных часоў. Захаваля нямала камяніцаў з 19-20 стагодзьдзяў у эклектычным стылі, стылі мадэрн, псэўдабарока ды клясыцызм.

Адным словам, Аструда – гэта горад, які прапаноўвае розныя спосабы адпачынку: можна млява пашпацыраваць па вуліцы ды пазнаёміцца з архітэктурай, пазагараць на пляжы возера альбо накіравацца ў рэйс на судне па маляўнічых азёрах ды Эльблёнгскім канале.          

вс