http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158165

Журналістка Жанна Сідарук аддала прэмію аблвыканкама грамадзкаму актывісту

02.07.2011

 

Журналістка “Брэсцкай газэты” Жанна Сідарук перадала грашовую ўзнагароду, атрыманую разам з дыплёмам “За актыўную журналісцкую пазыцыю”, аднаму з берасьцейскіх грамадзкіх актывістаў Івану Стасюку.

Дыплём  з рук старшыні берасьцейскага аблвыканкама Канстанціна Сумара “За актыўную журналісцкую пазыцыю” журналістка “Брэсцкай газэты” атрымала разам з грашовай узнагародай яшчэ 12 траўня. 

Жанна Сідарук: Для мяне гэтая прэмія была нечаканасьцю. Я ведала, што раней ўжо ўзнагароджвалі маіх калег зь недзяржаўных СМІ, але ў дачыненьні да сябе гэта было нечаканасьцю. Было прыемна. Я мяркую, што наша газэта так вырасла за апошні час і яе заўважылі.

Па словах журналісткі, ёй было прыемна атрымаць дыплём “За актыўную журналісцкую пазыцыю”, таму што гэта сьведчыць пра яе журналісцкія здольнасьці. Але вось наконт грошай яна адчувала сябе няўтульна. Жанна Сідарук тлумачыць гэта сытуацыяй, якая склалася апошнімі месяцамі ў беларускім грамадзтве.

Жанна Сідарук: Апошім часам шмат дрэнных рэчаў адбываецца ў маёй краіне. Чэрвень адзначыўся тым, што прайшла хваля маўклівых пратэстаў па ўсёй краіне. Мяне ўзрушыла тое, што Берасьце таксама бурна далучылася да гэтых пратэстаў, таму што нам ёсьць супраць чаго пратэставаць. Вельмі ўзрадаваў той спосаб, якім людзі пратэстуюць – гэта ня лёзунгі, нейкія транспаранты ці насільле, а мірныя акцыі.  Таму, калі я пачула, што падчас гэтых акцыяў затрымліваюць людзей, мяне гэта вельмі абурыла. Мяня абурыла, калі я даведалася ад свайго калегі, які рыхтаваў матэрыял пра аднаго з затрыманых напярэдадні акцыяў – Івана Стасюка – што той нібыта лаяўся матам, супраць яго давалі сьведчаньні міліцыянты.

Журналістка абураная тым, што жорстка парушаюцца правы асобы ў тых месцах, пра якія грамадзтва мала ведае.

Жанна Сідарук: Гэтага хлопца маладога не пакармілі цягам 44 гадзінаў! Ніхто не паклапаціўся пра захаваньне ў ізалаятары яго правоў, як чалавека. Таму я вырашыла, што на гэтыя грошы – там іх ня многа, 10 базавых адзінак, – няхай яму маці вітамінаў набудзе, яблыкаў там нейкіх. Ці сплоціць квоту ўтрыманьня ў ізалятары. Як яна рассказала, ёй не дазвалялі перадаць нават перадачу, пакуль ня выплаціць гэтыя грошы. 
 
У знак салідарнасьці з затрыманым Іванам Стасюком, правы якога былі парушаныя супрацоўнікамі міліцыі, Жанна Сідарук перадала грошы яму й ягонай сям’і.

Жанна Сідарук: Гэтыя грошы, якія я перадала маці Івана Стасюка, яны невялікія. У мяне таксама невялікі заробак. Але гэтыя грошы, якія нібыта ўпалі зьнянацку, “шалёныя”, я палічыла, што хоць мне й шафу патрэбна кніжную набыць, але я перадам іх гэтым людзям з мэтаю ня столькі дапамагчы ім, сколькі прыцягнуць увагу грамадзкасьці да існуючай праблемы. Мне здаецца, што калі мы ня будзем адзін аднаму дапамагаць, мы ўвогуле ня будзем мець права называцца людзьмі. Мы будзем толькі ў жывёльным сьвеце – кожны да сябе ў нару цягне й гэтак далей. Сёньня сытуацыя вельмі нагадвае сытуацыю 90-х. Я была тады малая яшчэ, 12-13 гадоў, але добра памятаю, як людзі разрозьніліся, кожны стаў клапаціцца толькі пра сябе й сваю сям’ю. Мне здаецца, што ў такі момант нам патрэбна яднацца й неяк дапамагаць у крызыс – ня толькі крызыс эканамічны, але крызыс мэнтальны перад усім. Мы зараз у пераломным моманце. І мы павінны – ўсё лепшае, што ў нас ёсьць – падтрымліваць і дэманстраваць іншым людзям гэты прыклад”.

Журналістка адзначыла , што людзі такога выхаваньня, як Іван Стасюк, Зьміцер Шурхай, які быў таксама нядаўна арэштаваны на 7 сутак нібыта “за лаянку”,  якія адстойваюць агульначалавечыя каштоўнасьці – з выміраючай пароды “Данка”.

Жанна Сідарук: Я вельмі радая, што мне пашанцавала пазнаёміцца з мамай Івана Стасюка. Яна – цудоўная жанчына, вельмі заўзятая, падтрымлівае свайго сына. Дарэчы, ў яе двое сыноў. Я ўжо пісала ў сваім блёгу, што гэта людзі з выміраючай пароды “Данка” – “людзі -палымяныя сэрцы”.

Рада Міровіч