У швайцарскім горадзе Морж адкрылася выстава беларускіх плякатаў. Яна называецца “Перабудова”, бо прымеркаваная да 20-годзьдзя яе фармальнага сканчэньня, 20-годзьдзя распаду Савецкага Саюзу. Аднак на выставе паказаныя як ранейшыя за Перабудову плякаты, гэтак і пазьнейшая. Выстава працягнецца ўсё лета, а пакуль мы гутарым са старшынём Беларускага саюзу дызайнэраў Зьміцерам Сурскім, які вярнуўся ў Менск з адкрыцьця выставы.
Спадар Зьміцер, як удалося арганізаваць такую выставу? Як вас сустракалі?
Зьміцер Сурскі: Гэта адбылося дзякуючы нашай суайчыньніцы Дашы Азольчык, якая там выйшла замуж за нашага калегу дызайнэра. Яна й прапанавала нам зрабіць гэтую выставу ў музэі, дзе сама працуе. Зьдзівіла, што там ёсьць такая цікавасьць – зрабілі добрую экспазыцыю, шыкоўны каталёг выдалі. Запрасілі на адкрыцьцё вядомых людзей – напрыклад, былы старшыня швайцарскага тэлебачаньня, які цяпер узначальвае музэйную асацыяцыю. Знакамітыя фатографы, журналісты, мастакі былі. Атмасфэра была вельмі прыязная, гэтыя людзі вельмі камунікабэльныя, было цікава паразмаўляць. Галоўны швайцарскі штотыднёвік даў пра нашую выставу матэрыял амаль што на цэлую паласу.
Спадар Зьміцер, выстава завецца “Перабудова”, хоць туды ўвайшлі таксама плякаты, створаныя й да, й пасьля яе. Чаму прывязваліся да Перабудовы?
Зьміцер Сурскі: Ёсьць інфармацыйная нагода – у гэтым годзе 20 год ад 1991 года – ці то пачатка, ці то канца Перабудовы. Таму акцыю прымеркавалі да даты. Швайцарцам было напраўду цікава пабачыць гэтыя рарытэтныя плякаты, створаныя ў Беларусі. Бо гэтыя плякаты вельмі прафэсыйныя, добра намаляваныя. І была такая куратарская задумка – паказаць на кантрасьце розныя пэрыяды.
На выставе дэманструюцца арыгіналы плякатаў ці сучасныя рэпрадукцыі?
Зьміцер Сурскі: Дэманструюцца тагачасныя друкарскія адбіткі. Мы прапаноўвалі прывезьці лічбавыя копіі, але нам сказалі, што ў гэтым музэі копіі не прынята выстаўляць. Сапраўды, хоць горад і невялікі, але ў музэі яны маюць арыгіналы Рэмбрандта, Дзюрэра, шмат старадаўняй арыгінальнай мэблі, габеленаў.
Плякат – адная з самых ідэалягізаваных формаў мастацтва. Як вы лічыце, швайцарцам цікавыя нашыя плякаты з мастацкага пункту гледжаньня ці проста як калярытная савецкая экзотыка?
Зьміцер Сурскі: Я думаю, і тое, і другое. Бо плякат – гэта зьява. І Швайцарыя таксама вядомая сваімі мастакамі-плякатыстамі, такімі як Троксьлер, напрыклад. Па-другое, элемэнт экзотыкі ёсьць. Як яны самі распавядалі, Швайцарыя вельмі баялася Савецкі Саюз. Там будаваліся такія бамбасховішчы – пад усімі лякарнямі на сем паверхаў пад зямлю. Яны баяліся новай вайны, ядзернай вайны.
Ці сустракалі вы сярод гэтых ідэалягічных плякатаў сапраўдныя творы мастацтва, якія б выяўлялі лёзунгі небанальна?
Зьміцер Сурскі: Калі ацэньваць фармальна, шмат плякатаў створаныя паводле ўсіх правілаў –калярыт, дынаміка, зьмест… Я ня ведаю, наколькі гэта чапляла людзей, але з прафэсыйнага пункту гледжаньня гэта зроблена цікава. Вы ж гэта зь цікавасьцю ўсё разглядалі?
Вось мы якраз трымаем з вамі плякат, дзе заклікаюць за 30 капеяк набыць лятарэю й выйграць “Масквіч”. І сапраўды, так гэты “Масквіч” прывабна глядзіцца, што хочацца тую лятарэю набыць!
Зьміцер Сурскі: А вось іншы плякат, дзе за лятарэю абацаюць лядоўню, пральную машыну, пыласос. Прычым, мне здаецца, гэтыя плякаты былі “падгледжаныя” ў амэрыканцаў. Гэта вельмі цікава! Бо каштоўнасьці капіталістычнага сьвету нейкім чынам адаптаваліся да савецкага ладу жыцьця.
Як вы лічыце, чаму сёньня беларускі ідэалягічны апарат не ўжывае плякатаў? Можна было б уявіць сабе кшталту: “А ты запісаўся ў БРСМ?” ці “Набывайце білеты суперлато!”
Зьміцер Сурскі: Таму што сёньня гэта не такая моцная зброя, як было раней. Плякат перажывае крызіс як жанр, яго выцясьніў інтэрнэт, тэлебачаньне. Цяпер ён, можа, існуе толькі ў тэатральным жанры. І тое – то грошай няма, то за тры капейкі зрабіць хочуць, то самі ў фаташопе зьляпілі…
Арцём Багданаў, Менск
Старшыня Беларускга саюза дызайнэраў Зьтміцер Сурпскі Распавядаў пра выставу бьеларпускіх плякатаў, якая адкрылася ў швайцарскім горадзе Морж.
Арцём Багданаў, Менск