На так званы Дзень Незалежнасьці беларуская сталіца пераўтварылася ці то ў арэну баявых дзеяньняў, ці то ў здымачную пляцоўку манумэнтальнага баевіка.
У сувязі з вайсковым парадам прыкладна да трох гадзін дня па Менску разьязджала гусенічная тэхніка: трактары, танкі й іншыя машыны, якімі беларускія ўлады палохалі зьнешняга й унутранага ворага.
З-за тэхнікі некаторыя вуліцы й цэнтральны праспэкт то перакрываліся, то адкрываліся для транспартнага руху.
А сёмай гадзіне вечара на плошчы ля чыгуначнага вакзала мусіла распачацца “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”. На погляд многіх, акцыя, сцэнар якой падрабязна апісваўся ў сеціве за некалькі дзён да яе пачатку, раскрыла карты для спэцслужбаў і міліцыянтаў.
Кароткастрыжаныя ў цывільным ачапілі сам вакзал, двары, прылеглыя вуліцы. І здавалася, што мітынг будзе складацца толькі з журналістаў і кароткастрыжаных.
Яшчэ не было чуваць ніякіх апладысмэнтаў, як зьявілася інфармацыя пра тое, што затрымалі першыя сем чалавек.
Але, нягледзячы на застрашваньні, ў 19 гадзін 08 хвілін дзясяткі адважных беларусаў пачалі пляскаць у далоні. Пажылая жанчына зрабіла прамову, кароткастрыжаныя ў цывільным і з навушнікамі, кінуліся скручваць людзей і цягнуць іх у аўтобусы i ў аўтазакі.
Пажылая жанчына, якая першай зрабіла прамову: Я прыйшла наўмысна на гэту акцыю. Улады павінны ведаць недахопы ў сваёй працы…
І на гэтым апладысмэнты ня скончыліся. Кожны, хто пляскаў у далоні, гаварыў нешта ня тое ці нечым выдзяляўся, меў амаль стоадсоткавы шанец трапіць у аўтазак. Але некаторыя працягвалі апантана рызыкаваць. Большасьць з такіх трапляла ў лапы да кароткастрыжаных у цывільным.
19 гадзін 25 хвілін. Карэспандэнт Беласрускай службы Польскага радыё чуе крыкі затрыманых жанчын у розных частках Прывакзальнай плошчы, апладысмэнты, рэмаркі з боку сумнавядомага палкоўніка менскай міліцыі Яўсеева.
Палкоўнік Яўсееў: Паніку тут ствараем! Ідзі адсюль! І вы, пішучая брація, перашкаджаеце людзям ісьці! Усе вызвалілі праход! Няма нармальнага руху!
Людзей працягвалі затрымліваць. Нягледзячы на гэта, многія адкрыта выказвалі пратэст. Вось сям’я, з маленькім дзіцёнкам на руках, заклікае беларусаў “прачнуцца”. Дарэчы гэта маладая пара змагла адбіцца ад ад кароткастрыжаных байцоў палкоўніка Яўсеева.
Маці зь дзіцёнкам: Не магу купіць пампэрсы, паднялі кошты на пампэрсы гэтыя. У мяне дзіцёнку год і дзесяць месяцаў! Аб чым можна гаварыць? Зараз мяне будуць хапаць у аўтобус, нягледзячы на тое, што са мной маленькае дзіця. Усім пляваць. Усе баяцца. А чаго баяцца? Колькі можна баяцца? Каляску маю пачалі аблапваць. Людзі, прачніцеся, ау!!!
Прывакзальная плошча віравала да васьмі гадзін вечара, пакуль на ёй не засталіся толькі журналісты й тыя, што скручвалі беларусаў у аўтазакі.
Лічба затрыманых – каля 120 чалавек.
Нагадаем, што беларусы праводзяць так званыя “маўклівыя акцыі” кожную сераду. Апагеем ідэі мусіла стаць трэцяе ліпеня 2011 года. Але арганізатарам “Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі” не хапіла крэатыву, каб разьвіць тысячныя акцыі да “Маршу мільёнаў”.
Тым ня менш людзі стала выходзілі на акцыі ў сталіцы. Нягледзячы на затрыманьні, штрафы, зьбіцьцё. І яшчэ не вядома, да чаго гэта ўсё прывядзе.
Менск засынаў на пачатку да дванаццатай ночы пад акампанемэнт воплескаў салюту. Але ці стала Трэцяе ліпеня сьвятам для тых, хто забараняе беларусам пляскаць у далоні? Гэта вялікае пытаньне.
Аляксандар Парошын, Менск