http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158345

“Польскі сучасны жывапіс” у Берасьці

06.07.2011

7 ліпеня ў Віцебску будуць адзначаць дзень нараджэньня Марка Шагала. Штогадовае сьвята “Ў гасьцях у Марка й Бэлы” ладзіць музэй мастака. Гэтым разам арганізатары запрасілі ў дзень нараджэньня Шагала ансамбль “Габрэйская душа”, які пазнаёміць слухачоў з клезмэрскай музыкай. Гэта традыцыйная музыка ўсходніх габрэяў, якую вылучае асаблівы стыль выканьня.

Гасьцей імпрэзы будуць частаваць нацыянальнымі салодкімі стравамі.

Музей Марка Шагала ўключае ў сябе арт-цэнтар Шагала й мэмарыяльны дом-музэй мастака. Арт-цэнтар быў адкрыты ў 1992 годзе. У яго фондах знаходзіцца каля 300 графічных лістоў Марка Шагала. Гэта шматлікія літаграфіі, ксілаграфіі, афорты, у тым ліку сэрыя ілюстрацый да паэмы Мікалая Гогаля "Мёртвыя душы", сэрыя каляровых літаграфій на біблейскую тэму. У калекцыі арт-цэнтра знаходзіцца таксама 200 лістоў тыражнай графікі эўрапейскіх мастакоў авангарда. У фондах навуковай бібліятэкі музэя - 5 тыс. кніг, прысьвечаных Шагалу. Штогод музэй наведвае каля 22 тыс. турыстаў.

Калі Вы пабачыце на вуліцах Менску й Горадні графіці славутых беларусаў, то ведайце, што гэта справа рук вулічнага мастака па імяні Dream.

Пра сваю працу мастак распавёў моладзеваму парталу generation.by:

“Аднойчы да мяне прыйшла ідэя зрабіць штосьці канкрэтнае па белкультуры, бо культура наша знаходзіцца вельмі ў дрэнным стане, каб гэта была вялікая сэрыя з мностваў трафарэтаў і постэраў. Так і пачаў маляваць князёў, а потым і пісьменьнікаў, музыкаў, асьветнікаў, мастакоў”.

На менскіх вуліцах у раёне ст.мэтро Першамайская й Пралетарская і ў Горадні можна пабачыць графіці Васіля Быкава, Маскіма Багдановіча, Язэпа Драздовіча, Уладзімера Караткевіча, Вацлава Ластоўскага, Міхала Вітушкі, Янкі Купалы, Францішка Скарыны, князёў ВКЛ і іншых.

Працы вулічнага мастака можна пабачыць на ягоным блёгу: dream-minsk.blogspot.com

У Берасьцейскім мастацкім музэі адчынілася выстава “Польскі сучасны жывапіс”. На экспазыцыі прадстаўленыя творы вядомых у Польшчы мастакоў – Яцэка Рыкалы, Казімежа Цесьліка, Багдана Топара й многіх іншых. У адкрыцці выставы прымуць удзел мастакі  Міхал Мінор і Пётр Касакоўскі - выкладчыкі Акадэміі мастацтваў гораду Катавіцэ.

Катавіцкая навучальная ўстанова, якая ў 2007 годзе адзначала сваё 60-годзьдзе, звыклася ўжо з тым, што асацыюецца з графікай. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо больш за дзевяноста год, зьяўляючыся філіялам Кракаўскай Акадэміі выяўленчага мастацтва, яна існавала фактычна як факультэт графікі. У спрыяльныя для пляката часы катавіцкія графікі складалі значную ў краіне групу, якая карысталася гэтым мэдыюмам. Пасьля надыйшлі добрыя для станкавай графікі часы - і яна зноў пачала існаваць у агульнапольскім маштабе як сілезская спэцыфіка. 

Ад 7 да 10 ліпеня на Seven Festival у Вэнгажэве Amnesty International будзе праводзіць акцыю на карысьць свабоды слова ў Беларусі. Госьці фэстывалю змогуць падпісаць пэтыцыю ў падтрымку вязьня сумленьня Зьмітра Дашкевіча, лідара “Маладога Фронту”, ды іншых палітвязьняў.

Падчас фэсту выступяць знакамітыя польскія рок-гурты Strachy na lachy, Lao Che, Kult, Buldog, Enej і іншыя.

Канцэрты будуць праходзіць паблізу Вэнгажэва. А госьці будуць жыць у час фэсту ў намётавым мястэчку. Больш інфармацыі на сайце імпрэзы www.sevenfestival.pl.

15 ліпеня на танцпляцоўцы Парку Чалюскінцаў адбудзецца імпрэза, прысьвечаная Бітве пад Грунвальдам 1410 году. У Грунвальдзкім фэсьце возьмуць удзел ROKASH, UNIA, ОМУТ, ROSY, КАШЛАТЫ ВОХ, TESTAMENTUM TERRAE і іншыя. Пачатак а 18.00

Не забывайцеся наведваць нашую адмысловую старонку moje.polskieradio.pl. Там Вы зможаце паслухаць цікавыя рэпартажы, якія гучалі на хвалях нашай радыёстанцыі, музыку, радыёспэктаклі і іншыя цікавыя рэчы створаныя Польскім радыё. На moje.polskieradio.pl працуе больш за 100 тэматычных каналаў.

дг