http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158359

Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – часопіс „Запісы ”- 5

07.07.2011

Больш за стагодзьдзе вядуцца спрэчкі, як разьмежаваць беларускія ды ўкраінскія тэксты канца XІV-XVІІ стагодзьдзяў. Займалісаі гэтым пытаньнем: А. Карскі, П. Жытэцкі, В. Ластоўскі, Н. Амельчанка, Е. Тымчанка, І. Агіенка, А. Жураўскі, Л. Шакун, Л. Гумецкая. Б. Струмінскі, П. Плюшч, Ф. Жылка, А. Мартэль, Х. Станг, А. Жаўтабрух, П. Тымашэнка ды іншыя. Гэтым пытаньнем заняўся таксама прафэсар славянскіх моваў Калюмбійскага ўнівэрсыэту ў Нью-Ёрку Юры Шавялёў, пра што паведамляе на старонках „Запісаў” Рыгор Максімовіч (Р. Максімовіч, George Y.Shevelov. Belorussian versus Ukrainian: Delimitation of Texts before A.D. 1569 (The Journal of Byelorussian Studies. London, vol. III, № 2, 1974. pp. 145-156), у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с.112-119).

Тэксты можна азначаць і клясыфікаваць з гледзішча гісторыі літаратуры, гісторыі стандартнае мовы ды гісторыі мовы гутарковай. Меркаваньнем Шавялёва, трэба гаварыць пра адзіны літаратурны працэс таго пэрыяду, паколькі беларусы ды бальшыня ўкраінцаў (за выняткам Букавіны й Закарпацьця) жылі ў адным краі ды належалі да тае самае веры з гэтай самай царкоўнаславянскай мовай (Тамсама, с.114).

Аўтар уважае, што справа падобная таксама з мовамі стандартнымі: царкоўнай і сьвецкай. Царкоўнаю мовай заставалася ў істоце царкоўнаславянская мова ня толькі ў літургічных кнігах, але таксама ў арыгінальных творах. Мясцовыя асаблівасьці пранікалі ў гэтыя тэксты, але несьвядома. Пра сьвецкую мову Юры Шавялёў кажа, што калі заставацца  ў межах пары, якая канчаецца 1577 годам і абысьці лексычныя ды сынтаксічныя палянізмы, дык азначэньне Карскім у 1893 годзе гэтае мовы як беларускае правільнае. Можна ісьці нават далей і казаць пра ейную паўночна-цэнтральную беларускую дыялектную аснову. Мова гэтая была супольнай для беларусаў і ўкраінцаў. Толькі часам уводзіліся ўкраінцамі некторыя асасблівасьці ўкраінскае мовы. Калі нехта гаворыць пра ўкраінскую літаратурную мову XVІ стагодзьдзя, дык сьвядома ці нясьвядома ўжывае двухсэнсавы тэрмін. Гэта правільна ў дачыненьні да мовы, якою карысталіся ўкраінцы, але памылкова, калі разумеецца стандартная мова, заснаваная на ўкраінскіх дыялектах ды сфармаваная ўкраінцамі для свайго карыстаньня. Гэтакае ўкраінскае літаратурнае мовы ў той час не было – уважае Юры Шавялёў, з поглядамі якога знаёміць нас Рыгор Максімовіч.


 У адваротнасьць да адзінства стандартнае пісьмовае мовы, не было адзінства ў мове гутарковай, якая аднак не была толькі зборам рэгіянальных дыялектаў. Такія дыялекты, пэўна, існавалі, але падапрадкоўваліся больш агульным узорам.

 Разьмежаваньне беларускіх і ўкраінскіх тэкстаў, меркаваньнем Шавялёва, магчыма правесьці на аснове фанэтычных ды правапісных асаблівасьцяў. Дасьледнік прапануе браць пад увагу 9 заменаў у пісьмовай мове ды шэсьць найчасьцей сустраканых памылак.

Замены аўтар падае наступныя:

1. Замена яць на е сьведчыць пра беларускасьць тэксту, захаваньне яць ва ўсіх становішчах – пра ўкраінскасьць, а захаваньне яць толькі пад націскам пры замене на е ў ненаціскным становішчы – пра паходжаньне тэксту з тэрыторыі палескіх гаворак, пераходных ад беларускае да ўкраінскае мовы.

2. Замена старых злучэньняў з ръ і рь на ры ў становішчы паміж зычнымі сьведчыць пра беларускасьць альбо палескасьць паходжаньня тэксту, а змаена іх на р – пра ўкраінскасьць.

3. Рэфлекс старога э насавога (як польскае к) як літара е сьведчыць пра беларускасьць альбо палескасьць, як літара я – пра ўкраінскасьць.

4. Замена яць на і ва ўскосных склонах займеньніка (у)весь сьведчыць пра беларускасьць альбо палескасьць, а захаваньне яць – пра ўкраінскасьць.

5. Заканчэньні некаторых прыслоўяў на -куле/-куль, -туле/-туль (зь літарай у) сьведчыць пра беларускасьць альбо, магчыма, палескасьць, а на –коле/-коль, -толе/-толь  (зь літарай о) – пра ўкраінскасьць.

6. Часьцейшае ўжываньне о пасьля шыпячых больш сьведчыць на карысьць беларускасьці, а літары е – на карысьць украінскасьцьі (жона – жена).

7. Дыспаляталізацыя (зацьвярдзеньне) р у напісаньнях ръ, ры, ра, ру замест рь, ри, ря, рю сьведчыць больш на карысць беларускасьці альбо палескасьці паходжаньня тэксту (урад – уряд).

8. Дыспаляталізацыя шыпячых таксама больш сведчыць на карысьць беларускасьці альбо палескасьці.

9. Канчатак роднага склону множнага ліку заўсёды ў выглядзе -ей больш сьведчыць на карысьць беларускасьці, а ўжываньне канчатку -ый побач з -ей – на карысьць украінскасьці. (Тамсама, с.115-116)

Сярод памылак трэба зьвяртаць увагу на наступныя:

1. Аканьне ў тэкстах беларускага паходжаньня пры ня-аканьні ў тэкстах паходжаньня ўкраінскага альбо палескага.

2. Адрозьніваньне літараў і ды ы ў тэкстах беларускага паходжаньня, блытаньне іх у тэкстах паходжаньня ўкраінскага ды часткова палескага.

3. Канчатак ў зборных назоўніках ніякага роду ў тэкстах беларускага альбо палескага паходжаньня пры канчатку ў тэкстах паходжаньня ўкраінскага.

4. Прыстаўное в у тэкстах беларускага паходжаньня.

5. Большы нахіл замяняць літару і на ы на пачатку слова пасьля прыназоўнікаў у тэкстах беларускага паходжаньня.

6. Замена л на в пасьля о з ъ і перад зычнымі (і ў мужчынскім родзе дзеясловаў адзіночнага ліку прошлага часу) у тэкстах раньняе пары сьведчыць на карысьць беларускасьцьі іхнага паходжаньня. (Тамсама, с.116)

На гэтай падставе Юры Шавялёў не сумняецца ў беларускасьці такіх аповесьцяў, як: Трыстан, Гвідон, Атыла, Троя, Страсьці Хрыстовы, Пра трох каралёў, О умучаньні Пана нашага Есу Крыста. Яны вольныя ад украінскіх уплываў.

З другога боку, існуюць тэксты бясспрэчна ўкраінскія, як: Перасопніцкае Евангельле 1556-1561 гадоў ці Евангельле 1560 году зь Вербы. Але чыста ўкраінскія тэксты рэдкія, часьцей спалучаюцца ў іх беларускія ды ўкраінскія асаблівасьці. Такія тэксты паходзяць звычайна, хоць не заўсёды, з Украіны. (Тамсама)

Тэксты моўна мяшаныя трэба прызнаць мяшанымі ды выкарыстоўваць іхныя ўкраінізмы для гісторыі ўкраінскае мовы, а беларусізмы – для гісторыі беларускае мовы – уважае Юры Шавялёў, з поглядамі якога знаёміць на старонках „Запісаў” Р. Максімовіч (Тамсама).

Ніна Баршчэўская