У Берасьці паўтарыўся фармат папярэдніх акцый: збор на Плошчы ім. Леніна, пасьля шэсьце па звыкламу ўжо маршруту: вул. Пушкінская, вул. Савецкая і да Цэнтральнага Універмага. Пад час акцыі людзі ў цывільным спрабавалі затрымаць удзельнікаў шэсьця. У некалькіх такіх спробах “ахвяры” былі адбітыя ідучымі побач людзьмі. У журналіста “Брэсцкай газэты” Станіслава Коршунава чалавек у цывільным сарваў бэдж журналіста.
“Прыкладна 7 чалавек знаходзяцца ў Ленінскім РАЎС г. Берасьця. На іх складзеныя пратаколы аб дробным хуліганстве. Сёньня ў другой палове дня іх павінны адвезьці ў суд”, - паведаміў праваабаронца Раман Кісляк. Усяго было затрымана каля 10 чалавек, 2 з якіх – яшчэ да пачатку акцыі.
У Кобрыне на плошчу выйшла прыкладна 50 чалавек, паведамляе Алесь Мех. Затрымана 4 чалавека, якіх адпусцілі пасьля дачы тлумачэнняў у міліцыі. Алесь Мех адзначыў, што кожны раз на акцыю прыходзяць новыя людзі. Прычына ў тым, што з найбольш актыўнымі ўдзельнікамі папярэдніх акцый вяліся гутаркі ў КДБ, па месцы іх працы, а таксама па месцы працы бацькоў удзельнікаў акцыі.
У Маларыце на акцыі прысутнічала 6 чалавек. Былі й новыя людзі.
Удзельнік акцыі Ўладзімер Малей: Прычына невялікай колькасьці народу ў тым, што адсутнічае інфармацыя. Прыходзіць моладзь, якая чытае і мае доступ да Інтэрнэту. Мы з мабільныга Інтэрнэта сачылі за падзеямі ў Менску й Берасьці.
Колькасьць затрыманых у акцыі 6 ліпеня ў Берасьці яшчэ ўдакладняецца праваабаронцамі й журналістамі.
Рада Міровіч