http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158418

Ісьляндыя й Эўрапейскі зьвяз адкрылі перамоўны працэс аб уступленьні краіны ў ЭЗ

07.07.2011

У Брусэлі завяршыліся перамовы аб уступленьні Харватыі ў Эўрапейскі зьвяз.

Напрыканцы гэтага года можа адбыцца падпісаньне Дамовы аб уступленьні, пасьля чаго пройдзе працэс ратыфікацыі. Паводле эўрапейскіх законаў, ён будзе адбывацца ў кожнай краіне Эўрапейскага зьвязу і ў Харватыі.

Чакаецца, што фармальна Харватыя ўвойдзе ў Эўрапейскі зьвяз летам 2013 года.

Ісьляндыя й Эўрапейскі зьвяз адкрылі перамоўны працэс аб уступленьні краіны ў ЭЗ.

Перамовы адбываюцца па чатырох накірунках, па двух зь іх яны блізкія да завяршэньня.

Адкрыцьцё перамоўнага працэсу сьведчыць аб завяршэньні працяглага маніторынгу - параўнаньня нормаў ЭЗ з нормамі Ісьляндыі.

Ісьляндыя - адна зь пяці афіцыйных краін-кандыдатаў на ўступленьне ў ЭЗ. Сярод іншых кандыдатаў: Турцыя, Харватыя, Чарнагорыя й Былая Югаслаўская Рэспубліка Макэдонія.

Патэнцыйнымі кандыдатамі зьяўляюцца таксама Сэрбія, Босьнія ды Герцагавіна, Альбанія й Косава.

Згодна з артыкулам 49 Дагавора аб Эўрапейскім зьвязе, любая эўрапейская дзяржава, якая паважае каштоўнасьці ЭЗ, мае права падаць сваю заяўку на сяброўства ў зьвязе.

Узровень беспрацоўя ў Эўрапейскім зьвязе - 9,3%.

У цэлым па ЭЗ колькасьць беспрацоўных за апошні год скарацілася на 0,3%. Самай трывожнай застаецца сытуацыя ў Гішпаніі: у траўні колькасьць беспрацоўных склала 20,9%. Шмат хто апынуўся без працы ў Летуве (16,3%) і Латвіі (16,2%).

У ЗША ўзровень беспрацоўя па стане на травень практычна адпавядаў эўрапейскаму - 9,1%. У Японіі ён быў удвая ніжэйшы (4,7%).

У 2010 годзе ў ЭЗ скараціліся прамыя замежныя інвэстыцыі.

Экспарт інвэстыцый з ЭЗ скараціўся за год на 62% (з 281 мільярдаў эўра ў 2009-м да 107 мільярдаў у 2010-м).
Імпарт інвэстыцый у ЭЗ скараціўся на 75%: з 216 мільярдаў эўра да 54 мільярдаў.

У параўнаньні з дакрызысным 2007 годам узровень інвэстыцый у ЭЗ скараціўся ў восем разоў. Найбуйнейшым інвэстарам у ЭЗ застаюцца ЗША.

Ёсьць і станоўчыя тэндэнцыі: інвэстыцыі вырасьлі з Канады, Ганконга, Бразыліі, Японіі й Кітая.

Цікава, што найбуйнейшым экспартэрам інвэстыцый зьяўляецца Люксэмбург: у 2010 годзе з гэтай краіны за межы зьвяза сышло 38 млрд. эўра. Гэтая маленькая эўрапейская краіна таксама займае лідыруючыя пазыцыі па атрыманьні зьнешніх інвэстыцый. У мінулым годзе ў яе прыйшло 48 млрд. эўра. Лідарская роля Люксэмбурга зьвязана з тым, што тут працуе мноства фінансавых холдынгаў, якія выкарыстоўваюцца для транспамежных фінансавых апэрацый.

З 1 ліпеня 2011 года спрошчаны парадак уезду грамадзян Беларусі ў Ірляндыю. Гэта стала магчымым у межах пілётнага праекта, які рэалізуе ўрад Ірляндыі. Гэты праект ажыцьцяўляецца часова, як мяркуецца, да канца кастрычніка 2012 года.

Зьмены тычацца грамадзян Беларусі, якія маюць дзейсныя брытанскія звычайныя візы (general visas). Гэтая катэгорыя асоб зможа прыяжджаць на тэрыторыю Ірляндыі без ірляндскіх віз на працягу ўсяго тэрміну дзеяньня віз, знаходзіцца ў краіне ня больш за 90 дзён на працягу года або да заканчэньня тэрміну дзеяньня брытанскай візы ў залежнасьці ад таго, які з пэрыядаў карацейшы.

Тэрмін знаходжаньня іншаземцаў на агульнай брытанска-ірляндскай турыстычнай прасторы не павінен перавышаць 180 дзён на год.

4 ліпеня Эўрапейская камісія абвясьціла новы конкурс праектаў "Недзяржаўныя структуры й мясцовыя ворганы ўлады ў дзейнасьці па разьвіцьці: мерапрыемствы ў краінах-партнэрах, Беларусь".

Агульная мэта гэтага конкурсу - узмацніць ролю грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі шляхам падтрымкі ініцыятыў аб'яднаньняў грамадзян і мясцовых ворганаў улады, пашырыць удзел грамадзян у палітычных працэсах і садзейнічаць працэсу дэмакратызацыі.

Падрабязная інфармацыя аб конкурсе праектаў зьмяшчаецца на сайтах Эўрапейскай камісіі й прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвяза ў Беларусі.

Апошні тэрмін падачы праектных прапаноў на паштовы адрас прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвяза ва Ўкраіне - 1 верасьня 2011.

дг