Сёньня на мапе сьвету зьявілася новая дзяржава – Паўднёвы Судан. Сталіцай краіны стаў горад Джуба. Тысячы людзей выйшлі на вуліцы паўднёвасуданскіх гарадоў, каб сьвяткаваць атрыманьне незалежнасьці.
Рэспубліка Паўднёвы Судан стала незалежнай дзяржавай роўна праз шэсьць гадоў пасьля заканчэньня грамадзянскай вайны й шэсьць месяцаў пасьля рэфэрэндуму, у якім жыхары паўднёвай часткі Судану выказаліся за аддзяленьне ад поўначы.
Рэфэрэндум стаў вынікам мірнага пагадненьня, на моцы якога завершыўся шматгадовы ўзброены канфлікт. Барацьба паводле этнічнай, рэлігійнай й эканамічнай прыкметах паміж поўднем і поўначчу пачалася ў 1956 годзе. У войнах з таго часу загінулі больш за два мільёны чалавек, а больш за чатыры мільёны былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
Паўднёвы Судан зьяўляецца адной ў самых бедных дзяржаваў сьвету. У краіне плошчаю 640 тыс. кв. кілямэтраў ёсьць толькі 100 км. заасфальтаванай дарогі. Кожнае дзясятае дзіця памірае там ва ўзросьце да году, а амаль у паловы насельніцтва няма доступу да пітной вады.
МЗС Польшчы вітае зьяўленьне новай дзяржавы, а ў Джубе на ўрачыстасьці ўстанаўленьня незалежнасьці прысутнічае й польская дэлагацыя.
дг