http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158607

Немцы патрабуюць адмены візаў для працаўнікоў з Усходняй Эўропы

11.07.2011

Нямецкія прадпрымальнікі, што маюць бізнэс у Расеі й іншых краінах былога савецкага лягера, заклікаюць эўрапейскіх чыноўнікаў вызначыць канкрэтны тэрмін адмены візавага рэжыму паміж ЭЗ і ўсходнімі суседзямі. У гэтай справе яны чакаюць канкрэтных крокаў ад Польшчы, якая старшынствуе ў ЭЗ.

Экспэрт польскай  Нацыянальнай эканамічнай палаты Пшэмыслаў Рухліцкі лічыць, што хуткая адмена візавага абавязку для ўсходніх суседзяў ЭЗ вельмі важная з эканамічнага пункту гледжаньня.

Пшэмыслаў Рухліцкі: Усё часьцей краіны старога ЭЗ адчуваюць недахоп маладых працаўнікоў. Адмена візаў і наплыў працаўнікоў з-за межаў ЭЗ стане вырашэньнем гэтай праблемы. Такая сытуацыя паступова зьяўляецца і ў Польшчы. Шмат моладзі выехала на Захад і ў нас пачынае не хапаць працаўнікоў.

Можна зрабіць высновы, што лібэралізацыя візавых прынцыпаў можа вырашыць праблему з працоўнымі рукамі ня толькі ў Польшчы ці Нямеччыне, але й іншых краінах ЭЗ.

Пшэмыслаў Рухліцкі: Сапраўды, гэта так. Гэта свайго роду прапанова па вырашэньні дэмаграфічнай праблемы Эўропы, якая хутка старэе. Сытуацыю выратуе наплыў новых маладых працаўнікоў.

 А якіх спэцыялістаў шукуе нямецкі рынак працы? 

Пшэмыслаў Рухліцкі: Нямецкія працадаўцы шукаюць ва Ўсходняй Эўропе такіх самых працаўнікоў, як і ў Польшчы. Гэта асобы для апекі над старэйшымі людзьмі, мэдсёстры, тэрапэўты, іншыя прадстаўнікі мэдычнай галіны. Таксама немцы шукаюць высокакваліфікаваных спэцыялістаў, напрыклад, інфарматыкаў зь вялікім працоўным досьведам, ад якіх патрабуюцца канкрэтныя веды і канкрэтныя прафэсійныя навыкі.

З анкетнага апытаньня сярод нямецкіх працадаўцаў вынікае, што ў сувязі са складанымі візавымі працэдурамі  амаль усе яны панесьлі фінансавыя страты. Акрамя таго, палова зь іх была б гатовая больш інвэставаць у тым рэгіёне, калі б не існавала візавае абмежаваньне. Ці Эўразьвяз возьме пад увагу гэтыя аргумэнты?

Пшэмыслаў Рухліцкі: Калі гаварыць пра адмену візаў для суседзяў ЭЗ, то пазыцыю бізнэсу й  бізнэсоўцаў трэба будзе сур’ёзна ўзяць пад увагу.  Але трэба памятаць, што гэтае рашэньне надалей застаецца ў кампэтэнцыі палітыкаў. І тут трэба дасягнуць кампраміс паміж усімі чальцамі ЭЗ. Напэўна ствараць праблему й выказвацца супраць будуць краіны Паўднёвай Эўропы: Італія, Грэцыя, Гішпанія, якія будуць баяцца наплыву эмігрантаў з Афрыкі. Я не ўяўляю  сытуацыю, у якой ЭЗ будзе адчыняцца на Ўсход й зачыняцца на Поўдзень. Дыскусія па гэтым пытаньні будзе вельмі складанай.

Нямецкія прадпрымальнікі спадзяюцца канкрэтныях крокаў польскага старшынства ў гэтым пытаньні. Акрамя таго, добрым тэстам бязьвізавага руху паміж ЭЗ і Ўкраінай будзе Чэмпіянат Эўропы па футболе ў наступным годзе.

Пшэмыслаў Рухліцкі: Адкрыцьцё Ўкраіны на Эўропу зьяўляецца адным з прыярытэтаў польскага старшынства, каб прыцягнуць яе даэўрапейскай супольнасьці. Ёсьць нагода, каб паказаць палітыкам з заходніх краінаў, што адкрыцьцё ўсходніх межаў не зьяўляецца нічым небясьпечным для іх эканомік. Калі гаварыць пра Ўкраіну, гэта вельмі добрая ідэя.