Афіцыйная беларуская прапаганда не праміне магчымасьці каб пахваліцца дарогамі. Раней няшмат скардзіліся на стан беларускіх шасэ й іншыя грамадзяне.
Некаторыя лічылі, што гэта тэндэнцыя – непасрэднае дасягненьне Бацькі, як называюць сёньняшняга кіраўніка Беларусі.
Тым ня менш ўжо зь 9-10 стагодзьдзяў на беларускіх землях меліся надзвычай эфэктыўныя транспартныя зносіны. Гэта сьцьвярджаюць прафэсійныя гісторыкі. У той жа час дзякуючы старажытным шляхам неверагодна хуткімі крокамі разьвівалася й эканоміка.
А зараз пра ўсё больш падрабязна.
Меліярацыя беларускіх балотаў, якую праводзіла савецкая ўлада, зьнішчыла многія гістарычныя помнікі. Многія рачулкі, празь якія крывічы, дрыгавічы й радзімічы гандлявалі з усім сьветам, былі высушаны.
Тым ня менш навукоўцы падкрэсьліваюць, што ўжо ў 9-10 стагодзьдзях рачная сыстэма беларускіх земляў уяўляла сабой звышдасканалы транспартны вузел. Рэч у тым, што старажытныя людзі для перавозкі грузаў карысталіся болей воднымі шляхамі, чым наземнымі.
Пра гэта распавядае кандыдат гістарычных навук Алег Іоў.
Алег Іоў: Па Беларусі такая сетка рэкаў… У залежнасьці ад таго, якая была абстаноўка, выкарыстоўваліся ўсе гэтыя рэкі – і малыя, і вялікія. Заходнедзьвінскі шлях, Прыпяцка-нёманскі шлях (З Дняпра ў Прыбалтыку). Ну, гэта такі час быў, буйное разьвіцьцё гандлёвых шляхоў – шлях “з варагаў у грэкі”.
Карэспандэнт: Выходзіць, у тыя часы маглі вельмі граматна й рацыянальна выкарыстоўваць гэтыя маленькія рачулкі?
Алег Іоў: Так-так, менавіта.
Натуральна, калі былі разьвіты транспартныя шляхі, то й эканоміка адчувала сябе ўпэўнена. Сюды ехалі з усяго вядомага на той час сьвету.
Алег Іоў: Эпоха такая была – эпоха гандлю. Мы знаходзім усе гэтыя рэчы. Ня толькі славянскія, але й скандынаўскія знаходкі, нехарактэрныя ды нечаканыя фіна-ўгорскія. Мы знаходзім пацеркі, якія паходзяць зь Сярэдняй Азіі. Знаходзім дырхэмы арабскія. Здавалася б, ну што ім тут рабіць?
Сёньня ж сытуацыя выглядае супрацьлеглай. Безумоўна, яшчэ некалі мы маглі ганарыцца некаторымі беларускімі трасамі - шашой “Менск-Берасьце”, напрыклад. Не было сорамна, калі па ёй каталіся замежнікі з самых разьвітых краін.
Але ў 2011 годзе ахавыя праблемы ў эканоміцы адбіліся й на стане беларускіх дарог. Грошай на іх падтрыманьне робіцца ўсё менш. А кіроўцы ўсё болей скардзяцца на стан многіх шасэ, па якіх яны езьдзяць. Машыны з-за выбаін пераўтвараюцца ў бляшанкі з балтамі.
Прыватная прадпрымальніца зь Менска Людміла Сайчык падкрэсьлівае, што з-за дрэнных дарог падвеска яе аўто ў літаралным сэнсе разьбілася.
Людміла Сайчык: Дарогі дрэнна рамантуюцца. Латкі толькі накладаюцца. А на нашай дарозе пасля параду – дык увогуле страшная справа зрабілася. Павыбівалі. Такія ямы пайшлі, што я ўсю сваю машыну разьбіла. І ня толькі я.
Калі раней беларусы маглі ганарыцца сваімі дарогамі й кпіць з палякаў, расейцаў ды ўкраінцаў, то сёньня тэндэнцыі мяняюцца.
Па працоўнай неабходнасьці Людміла Сайчык увесь час матаецца ў краіны бліжняга замежжа. І вось як яна параўноўвае тыя ж польскія дарогі знашымі.
Людміла Сайчык: Вузкія, жахліва проста. А так яны лепшыя, раўнейшыя. А ў Расеі ёсьць харошыя дарогі, а ёсьць жахлівыя.
Ці зьяўляюцца адносна добрыя беларускія дарогі дасягненьнем сёньняшняй улады? І ці разваляцца яны, калі Лукашэнку зьменіць іншы прэзыдэнт?
Наўрад ці. Бо як аказалася, якасныя транспартныя зносіны – не чыёсьці сучаснае дасягненьне, а беларуская гістарычная адметнасьць.
Аляксандр Парошын, Менск