http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158757

Грамадскія актывісты з 16-ці краін сьвету бароняць беларускіх пратэстоўцаў

14.07.2011

Сябры 38-мі недзяржаўных арганізацый з 16-ці краін сьвету зьвярнуліся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі.

“Мы асуджаем новыя рэпрэсыі супраць беларускай грамадзянскай супольнасьці й нядаўнія арышты мірных дэманстрантаў. Мы заклікаем беларускія ўлады спыніць гвалт у дачыненьні да людзей, якія бароняць сваё права на свабоду сходаў і свабоду думкі”, -- гаворыцца ў звароце.

Падпісантамі звароту сталі як эўрапейскія праваабарончыя арганізацыі, накшталт знакамітага “Нарвэскага Хэльсінскага Камітэту”, так і абаронцы правоў чалавека з Расеі, Грузыі, Азэрбайджану.

У звароце прыгадваюцца ўсе выпадкі гвалтоўных разгонаў “маўклівых акцый”,  пачынаючы з 15-га чэрвеня. Асобную ўвагу аўтары надзяляюць арыштам праваабаронцаў і перашкодам прафэсыйнай дзейнасьці журналістаў. 

Прыняцьцё гэтай заявы ня столькі абнадзейвае ў станоўчай рэакцыі беларускіх уладаў, колькі сьведчыць пра дасканалую інфармаванасьць замежных праваабаронцаў пра беларускую рэчаіснасьць.


Арцём Багданаў, Менск