Беларусь, Расея й Казахстан плянуюць стварыць арганізацыю, якая ў будучыні мае стаць супрацьвагай Эўрапейскаму Зьвязу. Арганізацыю назавуць Эўразійскі эканамічны саюз. Паводле задумы, яна пачне дзейнічаць ужо ў 2013 годзе й стане новым, чацьвёртым этапам інтэграцыі Менска, Масквы й Астаны.
Нагадаем, што з 1 ліпеня 2011 года на ўнутраных межах Беларусі, Расеі й Казахстана адменены мытны кантроль. Тры краіны стварылі адзіную мытную тэрыторыю.
З 1 студзеня таксама павінна пачаць функцыянаваць Адзіная эканамічная прастора трох краін. Рынак паслуг, капітал, працоўныя рэсурсы саюза стануць агульнымі. У цяперашні час для гэтага рыхтуюцца неабходныя дакумэнты. Стаіць пытаньне аб пачатку працы суда ЭўрАзЭС. Зараз Беларусь, Расея й Казахстан разглядаюць магчымых кандыдатаў у судзьдзі.
Прадстаўнікам Беларусі было адмоўлена ва ўдзеле ў пасяджэньні па праекце "Падтрымка судовай сыстэмы ў краінах Усходняга партнэрства", які рэалізуецца ў адпаведнасьці з сумеснай праграмай Рады Эўропы й Эўрапейскага зьвяза.
Мерапрыемства праходзіла ў Стразбургу з 11 па 13 ліпеня. Беларусь, як і іншыя краіны-удзельніцы “Ўсходняга партнэрства”, была запрошана на пасяджэньне ў рамках названага праекта. Паводле МЗС Беларусі, прапановы па кандыдатурах экспэртаў былі накіраваны ў Раду Эўропы своечасова. Аднак, нягледзячы на гэта, прадстаўнікам Беларусі было адмоўлена ва ўдзеле ў мерапрыемстве. Такое рашэньне эўрачыноўнікаў магло быць зьвязана з тым, што прапанаваныя Менскам кандыдатуры ўнесеныя ў так званы “чорны сьпіс” асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу.
Эўрапейскі зьвяз выдзяліць Украіне 30 млн. эўра на правядзеньне інстытуцыйных рэформаў.
Адпаведнае рашэньне было прынята сёньня Эўракамісіяй. Мяркуецца, што выдзяленыя сродкі будуць выдаткаваныя на правядзеньне інстытуцыйных рэформаў у такіх галінах, як падрыхтоўка да стварэньня зоны свабоднага гандлю, санітарыі й міграцыі.
Як заявіў камісар ЭЗ па пытаньнях пашырэньня й эўрапейскай палітыкі суседзтва Штэфан Фюле, гэтым рашэньнем Эўропа падтрымлівае намаганьні ўкраінскага ўрада, накіраваныя на прагрэс ў ключавых рэформах.
Плян пераходу да бязьвізавага рэжыму паміж Расеяй і Эўрапейскім зьвязам практычна ўзгоднены.
Плян складаецца з чатырох разьдзелаў. У першым гаворыцца пра тое, што расейцам будзе неабходна атрымаць біямэтрычныя пашпарты. Другі прысьвечаны незаконнай міграцыі й таму, што Расеі давядзецца падпісаць пагадненьні аб рэадмісіі з усімі краінамі ЭЗ. У трэцім разьдзеле гаворыцца аб процідзеяньні транспамежнаму тэрарызму й злачыннасьці. Апошні разьдзел уключае ўзаемадзеяньне з Радай Эўропы й забесьпячэньне правоў чалавека. Таксама там агаворваецца свабода перамяшчэньня на роўных падставах па тэрыторыі адзін аднаго ў адпаведнасьці з унутранымі нормамі й правіламі.
Турцыя пагражае замарозіць адносіны з Эўразьвязам, калі ў ліпені наступнага года старшынства ў ЭЗ пяройдзе да Паўднёвага Кіпру. Аб гэтым заявіў міністар замежных спраў Турцыі Ахмэт Давутаглу.
Нагадаем, Турцыя да гэтага часу не прынятая ў ЭЗ. Перамоўны працэс ўскладняе, у тым ліку, нявырашанасьць кіпрскага пытаньня. Ужо амаль паўстагодзьдзя востраў фактычна падзелены на дзьве часткі - чальца ЭЗ Рэспубліку Кіпр і непрызнаную сусьветнай супольнасьцю Турэцкую Рэспубліку Паўночнага Кіпра.
Кіпр расколаты на дзьве часткі па нацыянальнай прыкмеце з 1974 года. Гэта сталася пасьля ўзброенага ўварваньня Турцыі, справакаванага непрацяглым дзяржаўным пераваротам прыхільнікаў далучэньня выспы да Грэцыі.
Анкара да гэтага часу акупуе 37% яго тэрыторыі, на якой у 1983 годзе была абвешчаная Турэцкая Рэспубліка Паўднёвага Кіпру, прызнаная толькі Турцыяй. Там да гэтага часу знаходзіцца каля 40 тысяч турэцкіх вайскоўцаў.
У Вялікабрытаніі сарваны джэкпот у найбуйнейшай эўрапейскай лятарэі EuroMillions. За ўсю гісторыю яе існаваньня розыгрыш склаў 185 мільёнаў эўра.
Квіток зь вялізарным выйгрышам набыў жыхар Вялікабрытаніі, пакуль што яго асоба не ўстаноўлена. Супрацоўнікі EuroMillions паведамілі журналістам, што не валодаюць інфармацыяй пра шчасьліўца. Сам уладальнік вялізарнага джэкпота пакуль не прад'явіў свае правы на грашовае ўзнагароджаньне.
Сёньня такі лятарэйны квіток прадаецца па два эўра за штуку. Каб выпрабаваць посьпех, уладальнік лятарэйнага білета павінен адвольна закрэсьліць пять лічбаў (ад 1 да 50) і выбраць два «шчасьлівых нумары».
дг