У розных гарадах Беларусі судзяць чарговых удзельнікаў, затрыманых учора вечарам падчас акцыі маўклівага пратэсту. Гэта была ўжо сёмая акцыя, арганізаваная інтэрнэт-супольнасьцю "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" .
Паводле дадзеных праваабаронцаў, па ўсёй краіне было затрымана ня менш як 100 чалавек, сярод іх як мінімум 25 — у Менску. Частку затрыманых, у тым ліку журналістаў, празь некалькі гадзін адпусьцілі, на астатніх складзеныя пратаколы аб дробным хуліганстве.
Прадстаўнікі праваахоўных ворганаў сытуацыю з затрыманьнямі традыцыйна не камэнтуюць.
Як і падчас папярэдніх акцый, затрыманьні праводзілі невядомыя ў цывільным, яны таксама груба перашкаджалі працы журналістаў, найперш фота- й відэааператараў. Падзеі выклікалі абурэньне з боку мінакоў. За ўсім, што адбывалася на плошчы ў Менску, сачыў намесьнік начальніка ГУУС Менгарвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бясьпекі Ігар Яўсееў. Ад кантактаў з журналістамі ён адмаўляўся.
кр/БелаПАН