http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158819

Палітвязень Ільля Васілевіч займеў апекуна са Швайцарыі

15.07.2011

Самы малады вязень Плошчы, 19-гадовы студэнт Ільля Васілевіч цяпер будзе знаходзіцца пад патранатам дэпутата швайцарскага парлямэнту. “Палітычным апякуном”, як ён сам сябе называе, стаў Жан-Франсуа Стэйе, прадстаўнік сацыялістаў.

Адгэтуль “апякун” мусіць публічна асьвятляць праблемы ягонага падабароннага, падтрымоўваць сям’ю палітвязьня, дасылаць “падабароннаму” лісты й віншаваньні з разнастайных нагодаў, удзельнічаць у прыняцьці рашэньняў датычна палітычных падзей у Беларусі.

Як адзначыў Ларс Бюнгер, кіраўнік нямецкай праваабарончай арганізацыі “Libereco” і арганізатар кампаніі “Апякунства над палітвязьнямі”, Ільля Васілевіч – гэта першы палітвязень з шэрагу маладых людзей, што не ўваходзяць у палітычныя партыі ці рухі, над якім было ўзята шэфства. Ларс Бюнгер пацьвердзіў рашэньне праваабаронцаў знайсьці апекуноў усім беларускім палітвязьням, незалежна ад іх палітычнай прыналежнасьці ці прыхільнасьці.

Нагадаем, ужо 11 чалавек былі ўзятыя пад абарону эўрапейскіх дэпутатаў у межах кампаніі “Апякунства над палітвязьнямі”, сярод іх два кандытаты на прэзыдэнцтва – Андрэй Саньнікаў і Мікалай Статкевіч.

Арцём Багданаў, Менск