Прысуд экс-кандыдату ў прэзыдэнты Андрэю Саннікаву, а таксама ўдзельнікам пасьлявыбарчага мітынгу Алегу Гнедчыку, Уладзіміру Яроменку, Ільлі Васілевічу й Фёдару Мірзаянаву застаецца нязьменным. Такую пастанову вынес суд вышэйшай інстанцыі, разгледзеўшы касацыйную скаргу.
Абвінавачаныя на судзе не прысутнічалі. Абарона прасіла далучыць да справы справаздачу Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ аб ходзе выбараў прэзыдэнта, бо там утрымліваецца адзнака выбараў, якая супярэчыць заключэньню суду.
Выступаючы на слуханьнях, прадстаўнікі абароны прасілі судзьдзяў адмяніць прысуд, у тым ліку ў сувязі з тым, што суд першай інстанцыі прадузята ставіўся да паказаньняў шэрагу сьведкаў, пры гэтым паказаньні міліцыянтаў, якія сьцьвярджалі, што натоўп паводзіў сябе агрэсыўна, суд пад сумнеў ня ставіў.
Пракурор Антон Загароўскі заявіў, што докады абаронцаў неістотныя й не падлягаюць задавальненьню. На яго думку, віна ўсіх была "аб'ектыўна даказаная" відэаматэрыяламі, заключэньнямі экспэртаў і паказаньнямі сьведкаў.
14 траўня суд Партызанскага раёна прысудзіў Андрэя Саньнікава да пяці гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Алег Гнедчык прысуджаны да чатырох гадоў узмоцненага рэжыму, Уладзімір Яроменак, Ільля Васілевіч і Фёдар Мірзаянаў - да трох гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Amnesty Internatiomal прызнала Андрэя Саньнікава вязьнем сумленьня й патрабуе ад афіцыйнага Менска яго безумоўнага вызваленьня.
кр