http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158877

На волю выйшаў наш гарадзенскі карэспандэнт (аўдыё)

16.07.2011

Пасьля 12 сутак арышту выйшаў на волю сябра Міжнароднага ПЭН-клюбу й Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, паэт і журналіст Юры Гумянюк, які зь сярэдзіны чэрвеня распачаў супрацу зь Беларускай службай Польскага радыё.

Як паведаміў сам журналіст, і затрыманьне, і судовы працэс, які праходзіў у закрытым рэжыме ў будынку Кастрычніцкага РАУС Горадні, былі заранёў сплянаваныя як прэвэнтыўныя меры па “нэйтралізацыі” журналістаў замежных мэдыяў:

- Мяне затрымалі ў гандлёвым павільёне па вуліцы Віленскай нібы для спраўджваньня дакумантаў двое мужчын у чорных куртках і разам са знаёмай дзяўчынай пасадзілі ў машыну. Разам з намі прычэпай былі затрыманыя тры хлопцы, якія знаходзіліся побач. Пасьля мяне пратрымалі каля 6 гадзінаў у Гарадзенскім раённым аддзяленні без прад’яўленьня канкрэтных абвінавачваньняў, спасылаючыся на загад выйшэйшага начальства. Карацей, уся працэдура ад пачатку да суду, сьведкамі на якім выступілі міліцыянты, праходзіла з парушэньнямі дзейнага заканадаўства. Магчыма, мне давядзецца зьвярнуцца ў пракуратуру ў парадку нагляду, каб высьветліць, на падставе чыіх загадаў супраць мяне фабрыкавалася адміністрацыйная справа...

Нагадаем, што падобным чынам былі схопленыя й арыштаваныя журналісты тэлеканалу Белсат Алесь Дзянісаў, Мікалай Дзятчэня й Андрэй Фралоў, а таксама галоўны рэдактар польскамоўнай газэты “Глос з-над Немна” Ігар Банцар.

дг