http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158878

“Нічога не падтрымлівае дух так, як адчуваньне, што з табою – цэлы сьвет”

16.07.2011

Самы малады беларускі палітвязень, 19-гадовы студэнт Ільля Васілевіч,  цяпер будзе знаходзіцца пад патранатам дэпутата швэйцарскага парлямэнту - перадае наш карэспандэнт Арцем Багданаў. Апекуном студэнта, асуджанага за Плошчу, стаў швэйцарскі сацыяліст Жан-Франсуа Стэйер. “Апякун” будзе  публічна асьвятляць праблемы свайго падабароннага, падтрымлівацьь сям’ю палітвязьня, дасылаць яму лісты, а таксама удзельнічаць у прыняцьці рашэньняў, якія датычаць Беларусі.

Акцыю па знаходжаньні “анёлаў-абаронцаў” для беларускіх палітзьняволеных, арганізавала швэйцарска-нямецкая грамадзкая арганізацыя "Liberco". На заклік праваабаронцаў адгукнуліся пераважна дэпутаты Бундэстагу, такія як Марылюіза Бэк, Крыстоф Штрасэр, Марына Шустэр. Пад сваю апеку ўзялі палітвязьняў і трое дэпутатаў Эўрапарлямэнту – немцы Ганс-Герт Пётэрынг і Міхаель Галер, а таксама паляк Марэк Мігальскі. Цяпер да іх далучыўся прадстаўнік Нацыянальнай рады Швэйцарыі.

Дзякуючы ініцыятыве "Liberco", урады эўрапейскіх краінаў змогуць штодзённа сачыць за лёсам палітзьняволеных у Беларусі – кажа старшыня камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Іна Кулей.

І. Кулей: Дэпутаты будуць трымаць руку на пульсе й ведаць, што адбываецца з палітвязьнямі кожны дзень. Яны змогуць нагадваць сваім урадам і сусьветнай супольнасьці пра парушэньні правоў чалавека беларускімі ўладамі.

Дэпутаты замежных парлямэнтаў змогуць ўплываць на ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў, а таксама  дапамагчы сем’ям зьняволеных – лічыць Іна Кулей.

І. Кулей: Сярод канкрэтных прыкладаў дапамогі можна назваць скаргі, якія высылаюць дэпутаты, запыты пра стан здароўя палітвязьняў. На жаль, беларускія ўлады рэагуюць на гэтыя звароты толькі адпіскамі: маўляў, усё добра й вы можаце не хвалявацца. Дэпутаты падтрымліваюць кантакт з роднымі пацярпелых і аказваюць ім дапамогу.

І, нарэшце, міжнародная салідарнасьць неабходная для падтрымкі духу тых, хто знаходзіцца ў турме.

І. Кулей: Замежныя кантакты вельмі важныя нават для самога пацярпелага. Былыя палітвязьні кажуць, што няма нічога мацнейшага для падтрыманьня духу, чым адчуваньне, што з табою цэлы сьвет.

Апекуном палітвязьня Аляксандра Атрошчанкава зьяўляецца нямецкі жэпутат Крыстоф Штрасэр. Пакуль ніякай асаблівай дапамогі сям’я палітвязьня не атрымала. Але сам факт міжнароднай падтрымкі вельмі важны для тых, хто знаходзіцца за кратамі – растлумачыла жонка Аляксандра Атрошчанкава праваабаронца Дар’я Корсак.

Д. Корсак: Крыстоф Штрасэр, калі стаў нашым апекуном, зрабіў адпаведную заяву. Пасьля гэтага, шчыра кажучы, я пра яго нічога ня чула. Аднак Саша напісаў яму з турмы ліст падзякі. Ён распавёў, што ў КДБ вязьняў падманвалі, гаварылі, што на волі іх усіх вінавацяць і ніхто іх не падтрымлівае. Канешне, калі мой муж даведаўся, што ёсьць чалавек, які занепакоіўся яго лёсам і стаў яго апекуном, гэта была вельмі моцная падтрымка. 

Пакуль што самую значную дапамогу палітвязьню й яго сям’і аказаў польскі эўрапарлямэнтар Марэк Мігальскі, як ўзяў пад апеку Зьмітра Бандарэнку. Цяжка хворага палітзьняволенага перавялі ў шпіталь, ён атрымаў неабходныя лекі. Шмат у чым  гэта заслуга зваротаў, якія накіроўваў у адміністрацыю турмы эўрадэпутат – перакананыя сваякі Зьмітра Бандарэнкі.

Дэпутат Мігальскі падтрымлівае кантакты з роднымі вязьня, запрасіў іх у Брусэль, адчыніў спэцыяльны сайт падтрымкі палітзьняволеных www.bandarenka.pl. Ён таксама намераны заахвоціць іншых эўрадэпутатаў ўзяць пад апеку беларускіх вязьняў сумленьня. На жаль, Марэк Мігальскі – адзіны дэпутат Эўрапарлямэнту, які гэта зрабіў. Да яго пакуль не далучыліся нават сябры парлямэнцкай групы па стасунках зь Беларусью.

Усяго ж пад апекай замежных палітыкаў знаходзяцца 12 з 30 вязьняў сумленьня. Сярод іх Мікіта Ліхавід, Мікалай Статкевіч, Андрэй Саньнікаў, Фёдар Мірзаянаў. Праваабаронцы шукаюць апекуноў яшчэ для 4 зьняволеных – Дзьмітрыя Вуса, Аляксандра Класкоўскага, Дзьмітрыя Новіка ды Сяргея Казакова. Пра гэта паведаміла нам супрацоўніца Камітэту абароны рэпрэсаваных Дар’я Корсак.


Аляксандар Папко