http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=158890

Маўчаньне – золата

16.07.2011

У пятніцу суд Ленінскага раёна Берасьця разгледзеў матэрыялы адміністрацыйнай справы актывіста аргкамітэта па стварэньні аб'яднаньня "Маладая Беларусь" Юрыя Бацука. Яго затрымалі 6 ліпеня ў абласным цэнтры падчас маўклівай акцыі пратэсту. Бацука аштрафавалі на 40 базавых велічынь - гэта 1,4 млн. рублёў.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, Бацук прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мітынгу й непадпарадкаваньні патрабаваньню работнікаў міліцыі.

Паводле праваабаронцы, гэта самы буйны штраф, прызначаны ў Берасьці за ўсю гісторыю судовых разглядаў у сувязі з акцыямі маўклівага пратэсту.

Бацук прызнаў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, але адмаўляў непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, бо асобы, якія затрымлівалі актывіста, былі ў цывільным адзеньні й не называлі сябе. У судзе было дапытана восем сьведак. Яны пацьвярджалі паказаньні Бацука адносна яго затрыманьня, аднак суд узяў за аснову свайго рашэньня паказаньні супрацоўнікаў міліцыі.

дг