Касацыйная скарга групы палітвязьняў, у якой, акрамя Фёдара было яшчэ 4 чалавекі, у тым ліку экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў, задаволена не была. Тым ня меньш, гэты дзень прынёс Людміле Мірзаянавай радасную магчымасьць убачыцца з сынам.
Людміла Мірзаянава: Я Фёдара бачыла адразу пасьля судовага паседжаньня, дзе разглядалася касацыйная скарга – мне далі дазвол сустрэцца з сынам. Я ня бачыла яго пасьля гэтага 2 месяцы й вось убачыла зараз. Ён быў схуднелы, бледны, гэта зразумела – адну гадзіну ў дзень можа пагуляць на свежым паветры, на вуліцы. Вочы вялікія-вялікія, як вішні. Я нават падумала, што ніколі не заўважала, што такія вялікія вочы могуць быць у сына. Я глядзела й патанала ў іх. Мы бачылі адзін аднаго праз шкло, размаўлялі па тэлефоне.
Як адрэгаваў 20-гадовы студэнт на інфармацыю пра тое, што судзьдзі не зьмянілі жорсткі прысуд 3 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму?
Людміла Мірзаянава: Трымаўся, як заўжды, добра. Я не скажу, што ён быў вельмі бадзёры й вясёлы, бо не было на гэтае падставаў. Але ён трымаўся як мужчына, бо ён нічога не чакаў ад г.зв. “правасудзьдзя”. Ён да гэтага ўжо імкнуўся пайсьці па этапе ў калёнію. І тое, што ён пачуў ад мяне, зьнешне ніяк яго ня ўразіла. Ён і чакаў гэтага. Яго крызыс веры ў правасудзьдзе, думаю, ужо пераадолены. Ён выйшаў зь яго з дакладнымі перакананьнямі, чым ёсьць рэжым, чым ёсьць улады, чым ёсьць правасудзьдзе, чаго чакаць ад яго ня трэба ні Фёдару, ні іншаму чалавеку.
Прысутныя на судзе Мірзаянава запомнілі, як маці й дзядзьку Фёдара літаральна выставілі за дзьверы судовага пакою за іх гучнае абурэньне падчас судовага працэсу. Пасьля гэтага родных Фёдара не пускалі на судовыя паседжаньні й нават не дазволілі прысутнічаць на агалошваньні прысуду. Мы пацікавіліся ў Людмілы Мірзаянавай, наколькі складана было атрымаць дазвол на гэтую сустрэчу з сынам.
Людміла Мірзаянава: Зараз ужо праблемаў няма, але гэта была адзіная сустрэча з майскіх судоў, а я наогул атрымала адзіную магчымасьць убачыць сына за гэты час. Хаця я ведаю, што некаторым давалі й дзьве, і тры сустрэчы. Гэта было рашэньне судзьдзі: менавіта яна зрабіла так, каб я, маці, ня бачыла сына, а сын ня бачыў мяне.
Спатканьне Мірзаянавых цягнулася гадзіну. Тым ня меньш, нават на гэтую кароткую сустрэчу змаглі патрапіць ня ўсе родныя Фёдара.
Людміла Мірзаянава: І вось гэтая гадзіна была выкарыстана. Вельмі хацеў сустрэцца мой брат родны, бо ў бацькі няма магчымасьці, але яму адмовілі, бо ён не ўваходзіць у гэтае кола самых-самых блізкіх родзічаў.
Людміла Мірзаянава спадзяецца атрымаць яшчэ адну сустрэчу з сынам перад ягоным этапаваньнем у калёнію.
Людміла Мірзаянава: Такая магчымасьць ёсьць, калі прыходзіць прысуд па выніках разгляду касацыйнай скаргі ў СІЗА. Тады я магу напісаць заяву, і мне могуць дазволіць яшчэ раз пабачыць Фёдара перад тым, як ён адправіцца ў “Воўчыя норы”.
Мы гутарылі з Людмілай Мірзаянавай, маці Фёдара Мірзаянава, якая здолела дамагчыся сустрэчы з сынам упершыню за 2 месяцы.
Арцём Багданаў, Менск