http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=159019

“Ліхавід лічыць заключэньні ў карцар законнымі”

19.07.2011

Пачалі прыходзіць адказы кіраўніцтва наваполацкай калёніі на шматлікія скаргі неабыякавых людзей датычна ўмоваў утрыманьня палітвязьня Мікіты Ліхавіда. Пасля чарговага заключэньня 20-гадовага палітвязьня ў карцар дзясяткі людзей па закліку праваабаронцаў і грамадpкіх актывістаў накіравалі ў калёнію № 10 патрабаваньні спыніць катаваньні юнака. Агулам ён правёў у карцары ўжо больш за 2 месяцы.

Адной зь першых адказ адміністрацыі калёніі атрымала намесьніца старшыні “Маладога Фронту” Наста Палажанка. Паводле ліста, якім дзяўчына падзялілася зь Беларускай службай Польскага радыё, кіраўнік калёніі А. Сівоха лічыць сьцвярджэньні наконт бесчалавечнага стаўленьня да Ліхавіда беспадстаўнымі. Больш за тое, кіраўнік калёніі, які й падпісаў адказ, паведамляе, што “сам асуджаны дзеяньні адміністрацыі лічыць правамернымі, меры дысцыплінарнага ўздзеяньня, якія да яго ўжываюцца – законнымі. Скаргаў і заяваў ад асуджанага Ліхавіда не паступала”. Сівоха спасылаецца на нацыянальнае й міжнароднае заканадаўства, якім кіруецца ў сваёй дзейнасьці адміністрацыя калёніі № 10, і запэўнівае, што ў дачыненьні палітвязьня катаваньні не ўжываюцца.

Тым ня менш, Мікіта Ліхавід фактычна не выходзіць з штрафнога ізалятару й не падобна на тое, што бліжэйшым часам сытуацыя зьменіцца да лепшага. Нагадаем, 20-гадовы актывіст “Руха за Свабоду” быў асуджаны на 3,5 гады калёніі за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня мінулага году.


Арцём Багданаў, Менск