Аляксандар Мілінкевіч у аўторак наведаў калёнію №10 ў Наваполацку, каб даведацца пра стан здароўя 21-гадовага вязьня сумленьня Мікіты Ліхавіда. Хлопец не прызнае прысуду й адмаўляецца выконваць правілы турмы. За гэта юнака ўжо 5 разоў зьмяшчалі ў карцар, дзе ён знаходзіцца да сёньняшняга дня.
Кіраўнік Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч прыехаў у наваполацкую калёнію з мэтай даведацца пра ўмовы ўтрыманьня Мікіты Ліхавіда й пераканаць кіраўніцтва турмы выпусьціць хлопца са штрафнога ізалятару. Як паведаміў нам Алякасандар Мілінкевіч, кіраўніцтва калёніі чакала візыту, хоць сябры Руху «За Свабоду» журналістам пра паездку не паведамлялі. У голасе начальніка турмы Аляксандра Сівохі й яго падначаленых чулася напружанасьць, але размова была шчырай – перакананы Аляксандар Мілінкевіч. Кіраўніцтва калёніі свае дзеяньні тлумачыла неабходнасьцю выконваць правілы.
А. Мілінкевіч: Яны былі шчырымі, але адказвалі фармальна, паводле тых інструкцыяў, якія маюць. Яны пыталіся: “А што б вы зрабілі на нашым месцы, калі чалавек не выконвае сваіх абавязкаў? У нас абавязак рабіць зарадку, у нас абавязак прыбіраць у памяшканьні, а ён адмаўляецца. У нас на гэта ёсьць толькі адзін адказ – саджаць у карцар”.
Сустрэцца зь Мікітам Ліхавідам Аляксандру Мілінкевічу не дазволілі. Кіраўніцтва калёніі патлумачыла, што пакуль вязень знаходзіцца ў штрафным ізалятары, гэта немагчыма. Сустрэча можа быць агранізаваная толькі калі Мікіта Ліхавід выйдзе з карцара й сам падасьць адпаведную заяву. Аляксандра Мілінкевіа непакоіць стан здароўя Мікіты Ліхавіда. Кіраўнік медсанчасткі калёніі пераконваў палітыка, што хлопец адчувае сябе нармальна.
А. Мілінкевіч: Ён адназначна сьцвярджаў, што за здароўем вязьняў, асабліва тых, што знаходзяцца ў карцары, пастаянна сочаць, што Ліхавід ні на што ня скардзіўся. Ён казаў, што ў іх ёсьць і псыхатэрапэўт, і дантыст, і іншыя лекары. Кіраўнік медсанчасткі заявіў, што ён упэўнены, што стан здароўя Мікіты даволі добры. Ён даў мне слова доктара, што гэта так. Я гатовы яму верыць, але ў чалавека, які безперапынна сядзіць у карцары, без сонечнага сьвятла й сьвежага паветра, ня можа быць пэрспэктываў захаваць здароўе.
Такое доўгае знаходжаньне ў карцары пагражае здароўю хлопца – кажа былы палітвязень, ваўкавыскі прадпрымальнік Уладзімер Асіпенка.
У. Асіпенка: Вязьняў штрафнога ізалятару кормяць нашмат горш, чым іншых зьняволеных. Таму хлопец будзе худзець і далей. Губіць здароўе таксама адсутнасьць сонечнага сьвятла. Я год і чатыры месяцы правёў у СІЗА на Валадарцы – без сонца. У выніку я згубіў здароўе: зрок, зубы й гэтак далей. Яшчэ горш тым, хто ў штрафным ізалятары. Там цяжка яшчэ і ў маральным пляне. Вязьні знаходзяцца там у самотнасьці. Чалавека мучае туга. Відавочна, гэта сапсуе нэрвовую сыстэму хлопца.
Незаконна асуджаны юнак кінуў выклік кіраўніцтву калёніі – перакананы Уладзімер Асіпенка. І яно зробіць усё, каб задушыць пратэст героя-адзіночкі – кажа былы вязень.
У. Асіпенка: Ягоны ўчынак вельмі сьмелы, асабліва калі ўлічыць, што ён знаходзіцца ў турме. Я не сумняюся, што ўся калёнія назірае за гэтым паядынкам. А гэта сапраўдны паядынак паміж адміністрацыяй турмы й Мікітам Ліхавідам. Адміністрацыя вельмі баіцца саступіць, таму што ўся калёнія ўбачыць, што хлопец, які не прызнаў сваёй віны – перамог. У наш час і ў нашай краіне адміністрацыя гэтага дапусьціць ня можа. Таму будзе яго ламаць.
Кіраўніцтва калёніі наўрад ці паставіла за мэту зламаць Мікіту Ліхавіда, хутчэй за ўсё яно проста ўпарта прытрымліваецца правілаў - лічыць Аляксандар Мілінкевіч. Аднак змусіць Мікіту Ліхавіда скарыцца ім наўрад ці ўдасца – перакананы палітык.
А. Мілінкевіч: Пасьля візыту ў калёнію я не лічу, што там “корань зла” й што там мэтанакіравана арганізуюць зьдзекі над Мікітам Ліхавідам. Хутчэй не адміністрацыя турмы, а сама аўтарытарная сыстэма спрабуе яго застрашыць. Але Ліхавіда яны – не застрашаць. Цудоўны хлопец! Больш бы ў нас было такіх!
Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ў выпадку, калі яму дазволяць сустрэцца зь Мікітам Ліхавідам, ён будзе прасіць хлопца выконваць правілы калёніі, каб захаваць сваё здароўе.
Былы палітвязень Уладзімер Асіпенка ў сваю чаргу перакананы, што калі журналісты перастануць пісаць пра юнака, то кіраўніцтва калёніі яго зламае – фізычна, альбо маральна.
Аляксандар Мілінкевіч пытаўся пра лёс палітвязьняў Алеся Кіркевіча ды Ігара Аліневіча, якія таксама знаходзяцца ў наваполацкай калёніі. Нічога новага, аднак, яму не паведамілі. Кіраўнік Руху «За Свабооду» паабяцаў дамагаццца вызваленьня ня толькі Мікіты Ліхавіда ці Алеся Кіркевіча, асуджаных за Плошчу, а ўвогуле ўсіх палітзьняволеных, уключаючы Мікалая Аўтуховіча, які знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 2 гады.
Аляксандар Папко