http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=159104

Рэжысэр Уладыслаў Пасікоўскі здымае фільм пра габрэйскія пагромы на Беласточчыне

20.07.2011

11 Міжнародны кінафэстываль Nowe Horyzonty адчыняецца ў чацьвер ва Ўроцлаве. У сёлетняй праграме каля 430 фільмаў, каля 250 зь іх польскія гледачы пабачаць упершыню.

 На ўроцлаўскім фэсьце ўжо больш за 10 гадоў прэзэнтуецца арыгінальнае аўтарскае кінамастацтва. Фільмы фэстывалю вельмі часта перакрочваюць культурныя й грамадзкія табу. У рамках імпрэзы традыцыйна будуць адбывацца канцэрты, выставы й сустрэчы з кінатворцамі.

 Адчыніць фэстываль ляўрэат нямецкага Berlinale, фільм іранскага рэжысэра Ашгара Фархадзі “Разлука”. А вось завершыць імпрэзу апошняя карціна Пэдра Альмадовара “Скура, у якой я жыву”.

Галоўным матывам сёлетняга фэстывалю Nowe Horyzonty стане нарвэскае кіно. Госьці імпрэзы змогуць пабачыць “Кароль выспы асуджаных” Марыюша Хольста, а таксама "Upperdog" Сары Джонсан. Цікавай падзеяй стане цыкл “За ружовым мурам”, у рамках якога гледачы пабачаць эратычныя фільмы, якія ўпершыню прэзэнтуюцца ў Польшчы.

Падзеяй стане таксама паказ фільмаў Тэры Джыльяма, аўтара легендарнага Monty Pytona.

Вершы Чэслава Мілаша, Анны Сьвіршчынскай, Дэніс Левэртаў і Джэйн Хіршфільд можна цяпер паслухаць у інтэрпрэтацыі вядомай польскай вакалісткі Агі Зар’ян. Кружэлка “A Book of Luminous Things” ужо трапіла на польскі музычны рынак.

Шэсьць з дванаццаці кампазыцый – гэта вершы Мілаша, іншыя – гэта творы яго ўлюбёных паэтак. Дзякуючы такому міксу твораў плыта аказалася вельмі арыгінальнай. Альбом атрымаўся клясычным. Музыку выконвае струнны аркестар і вядомыя польскія інструмэнталісты.

Сама джаз-вакаліста кажа, што паэзія Мілаша й яго знаёмых паэтак – гэта вельмі адважная літаратура, поўная эратызму, сучасная й без табу.

Прэм’ера новага альбому Агі Зар’ян адбылася ў траўні ў Кракаве, падчас ІІ Фэстывалю Мілаша. Плыта, дарэчы, выйшла пад патранатам Польскага радыё.

Польскі рэжысэр Уладыслаў Пасікоўскі пачаў здымкі новага мастацкага фільму пра вельмі няпросты эпізод польскай гісторыі. У фільме “Плёны” аўтар хоча распавесьці пра габрэйскія разбоі на Беласточчыне ўлетку 1941 году. Самымі трагічнымі сталі падзеі ў Ядвабнэ, дзе мясцовыя жыхары спалілі жыўцом у пуні больш за 300 сваіх суседзяў-габрэяў.

“Плёны” гэта аповесьці пра двух братоў Юзэка й Франака. Адзін жыве ў вёсцы на ўсходзе Польшчы, а другі парваў адносіны зь сям’ёй і эміграваў у ЗША. Праз шмат гадоў Франак вяртаецца на радзіму й бачыць, што ягоны брат стаў “чорнай авечкай” у вёсцы. Высьвятляецца, што Юзэк парушыў табу, якое многія гады ахоўвалі ягоныя суседзі – пра спаленых жыўцом габрэяў.

Пасікоўскі кажа, што падзеі 40-х гг. на Падляшшы – вельмі непапулярная тэма ў польскім кінематографе. У “Плёнах” ён паставіў сабе задачу распасьце пра гэтыя трагічныя падзеі здалёк ад палітыкі, празь лёсы звычайных людзей.

Галоўныя ролі выканаюць Мацей Штур і Ірэнэвуш Чоп. Апэратар стужкі – Павал Эдэльман супрацоўнічаў з Раманам Паланьскім і Анджэем Вайдам. Сцэнаграфіст – Алан Старскі зьяўляецце ляўрэатам прэміі Оскар.

“Плёны” – гэта супольная польска-расейска-славацкая карціна. Здымкі павінны завершыцца напрыканцы жніўня.

Міжнародны этнафэстываль "Вольнае паветра" адбудзецца 27 жніўня на хутары Шаблі ў Валожынскім раёне. Мерапрыемства плянавалася на 2 ліпеня, аднак арганізатары перанесьлі дату яго правядзеньня на канец жніўня "з-за недахопу супрацоўнікаў міліцыі", якія былі задзейнічаны ў забесьпячэньні бясьпекі ў Менску 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасьці.

"Вольнае паветра" зьбярэ паўтара дзясятка беларускіх і замежных артыстаў, якія спалучаюць этна з сучаснымі музычнымі тэндэнцыямі. Характэрна тое, што ўсе замежныя выканаўцы наведаюць Беларусь упершыню. Сярод іх "Бадзьян Сауна Сыстэм" (Украіна), "Комба-бакх" (Расія), DJ Wojcio (Польшча), а таксама Shazalakazoo (Сэрбія) і Sovijus (Летува). Свае этнамузычныя экспэрымэнты прадэманструюць беларускія гурты "Нагуаль", Gurzuf, Morfe Acoustic Band, а таксама шэраг ды-джэяў.

Для гасьцей абсталёўваюць кінатэатар пад адкрытым небам, яны таксама змогуць паўдзельнічаць у розных гульнях і забавах. Акрамя таго, на мерапрыемстве будзе арганізаваны паўнацэнны сэрвіс – «ад туалетаў да харчаваньня й намётавага мястэчка».

Да канца бягучага году ў Нясьвіскім замку плянуецца адкрыць 27 заляў. Экспазыцыі помніка архітэктуры XVI-XVIII стагодзьдзяў дапамагаюць папоўніць прыватныя калекцыі й замежныя аўкцыёны.

Плянуецца, што ў жніўні гэтага году адкрыюцца яшчэ чатыры залі, разьмешчаныя ў камяніцы і паўднёвай галерэі. Экспазыцыі ў іх цалкам сфармаваныя, залі гатовыя прымаць наведвальнікаў.

Дарэчы, дырэкцыя музэю абяцае, што з часам у Нясьвіскім замку можа зьявіцца яшчэ больш выставачных памяшканьняў: імі могуць стаць скляпы з падземнымі хадамі, дзе ў пэрспектыве можна заплянаваць экскурсійныя маршруты.

Для Нясьвіскага замка закуплена практычна ўся мэбля, частка яе цяпер знаходзіцца на рэстаўрацыі. Напрыклад, зараз вядуцца работы па абнаўленьні дзьвюх шаф і ложкаў XVII стагодзьдзя, а таксама вядомых радзівілаўскіх люстэркаў, якія "пераехалі" з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Нясьвіскі замак быў закладзены Радзівілам Сіроткам у 1583 годзе, галоўным архітэктарам стаў італьянскі майстар Бэрнардоні.

дг