У сераду ў Менску ды іншых гарадох Беларусі прайшла чарговая, дзявятая па ліку, акцыя маўклівага пратэсту, арганізаваная інтэрнэт-супольнасьцю «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Аднак на гэты раз удзельнікаў акцыі было значна менш, у Менску — да сотні чалавек.
Паводле розных дадзеных у сталіцы было затрымана ад 30 да 50 чалавек. Сярод затрыманых - Алена Ліхавід, маці палітвязьня Мікіты Ліхавіда. Каля 20 чалавек дастаўленыя ў Цэнтральны РАЎС Менска.
На Кастрычніцкую плошчу прыйшоў прэс-сактарат менскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. І на гэты раз ён ня змог адказаць на пытаньне журналістаў адносна таго, кім зьяўляюцца людзі ў цывільным, якія затрымліваюць мінакоў. Паводле яго словаў, на 80% гэта прадстаўнікі сілавых ворганаў.
Журналісты падарылі Аляксандру Ластоўскаму яго фотаздымак у рамачцы, зроблены падчас маўклівай акцыі 13 ліпеня на плошчы Якуба Коласа ў Менску. І на гэты раз не абышлося без затрыманьня журналістаў.
Праваабаронцы высьвятляюць дадзеныя затрыманых і іх месца знаходжаньня.
кр/вясна/ эўрарадыё