У сувязі з заплянаванай на сёньня ў цэнтры Менску акцыяй пратэсту "Стоп-бэнзін!" Галоўная ўправа ўнутраных справаў Менгарвыканкаму разьмясьціла на сваім сайце папярэджаньне, у якім нагадвае, што, „згодна зь дзеючым заканадаўствам, такія акцыі зьяўляюцца незаконнымі”. ГУУС дадае таксама, што „арганізацыя й ўдзел у іх можа пацягнуць за сабой як адміністрацыйную, так і крымінальную адказнасьць”.
Сымбаль новай акцыі пратэсту пасьля сёньняшняга, чарговага павышэньня цэнаў на бэнзін і дызэльнае паліва маюць быць белыя стужачкі на антэнах аўтамабіляў. Заклікі да ўдзелу ў акцыі зьявіліся ў інтэрнэце.
У цэлым фармат аналягічны акцыі праведзенай 7 ліпеня, пасьля якой Аляксандар Лукашэнка загадаў панізіць цэны на бэнзін.
Роўна ў 19.20 удзельнікі акцыі зьбіраюцца выехаць на праспэкт, уключыць аварыйкі й рухаюцца з паніжанай хуткасьцю, паступова зьбіраючыся ў агульную калёну.
Аналягічныя акцыі зьбіраюцца праводзіць і ў іншых гарадах Беларусі.
аз/svaboda.org