http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=159227

Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – „Бацькаўшчына”

04.08.2011

 Беларуская эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына” зьмясьціла вялікую публікацыю Міколы Волаціча пад назовам Думкі аб літаратурнай мове (у: №№ 1-2 (485-6), Мюнхэн, с. 3-6).

 Аўтар мюнхэнскай газэты зьвярнуў увагу на рысы беларускай народнай мовы ў напісе на крыжы Еўфрасіньні Полацкай з 1161 году, такія як: аканьне (манастыр), мяккія канчаткі дзеясловаў у трэцяй асобе (есть), поўнагалосьсе (серабро).

 Хрысьціянства на беларускіх землях апрача новай веры прынясло таксама, хаця й зразумелую, але чужую мову, якая мела адыграць ролю лацінскай мовы Заходняй царквы й грэцкай ва Ўсходняй царкве. Адыграла яна аднак большую ролю, чым літургічныя мовы Захаду і Ўсходу. Царкоўна-славяншчына, у сувязі з блізкасьцю да народных гаворак, хутка ператварылася ў літаратурныя мовы паасобных слявянскіх народаў. Ператварэньне гэтае наступіла такім чынам, што ў самастойных творах штораз больш і больш уводзілася асаблівасьцяў жывой народнай мовы пры ўтрыманьні царкоўна-славянскага правапісу й некаторых зваротаў, формаў ды канчаткаў. Так паўстала на ўсходнеславянскіх землях руская літаратурная мова ХІ-ХІV ст.ст., якой карысталіся продкі беларусаў, украінцаў, ноўгарадзкія славене й Маскоўшчына. Не абазначае гэта зусім, што гэтай мовай гаварыла насельніцтва названых земляў. Яно гаварыла сваімі гаворкамі, а рускай літаратурнай мовай карысталіся толькі асьвечаныя людзі – адзначыў у сваёй публікацыі Мікола Волаціч. - У меру таго, як аддзялялася яна ад Царквы, тым больш набліжалася да жывой народнай мовы (Тамсама, с. 2).

 У ХVІ ст. старая, традыцыйная, ужо зусім мёртвая царкоўна-слявянская й руская форма выпаўнілася мовай блізкай да жывой мовы беларускага народу, і мова ВКЛ – г.зн. беларуская мова – сталася мовай дыпляматычных зносін  Усходняй Эўропы.

 Некаторыя ўяўленьні аб народнай мове ХVІ ст. можна мець яшчэ з Аль Кітабу – г.зн. мусульманскай пісьмовасьці на беларускіх землях, пісанай крывіцкай мовай, але арабскімі літарамі. У гэтых тэкстах няма прысланяючага беларускія моўныя асаблівасьці традыцыйнага славянскага ці рускага правапісу.

І вось у часе нібы найбольшага росквіту беларускай дзяржаўнай мовы, калі ў падмацоўку яе прыйшоў друк і друкарства часоў Францішка Скарыны – пачынаецца яе заняпад на карысьць польскай мовы (Тамсама, с. 4).

 Што здарылася, што, пачынаючы зь сярэдзіны ХVІ ст., польская мова пачала выціскаць у прыватных лістох і зносінах багатую беларускую мову, якая была-ж мовай дзяржаўнай? - задумоўваецца аўтар артыкула Думкі аб літаратурнай мове. Звальваньне віны на рэфармацыю, на езуітаў, на каталіцтва, на палякаў і г.д. – гэта шуканьне найпрасьцейшай разьвязкі дзіўнага зьявішча. У ацэнцы Міколы Волаціча, сталася нешта глыбейшае ўнутры самога народу.

 Пакуль асьвета і ўдзел у публічным xыцьці была справай толькі невялікай групы людзей, а народ у сваёй масе быў пасыўным удзельнікам гістарычных падзеяў – дзяржаўная мова ВКЛ, як зразумелая для народу й яму зусім блізкая, магла быць прыцягальнай нават для суседзяў. Нямецкая блякада Балтыйскага мора крыжакамі й лівонскімі рыцарамі ды татарская Чорнага мора спрыялі ўтрыманьню на працягу даўжэйшага часу гаспадарчага й культурнага застою ВКЛ, а разам з гэтым стварала магчымасьць утрымоўвацца штучнай дзяржаўнай мове ды нават набліжацца ёй усё больш да народнай мовы эвалюцыйным шляхам. У ХV і на пачатку ХVІ ст. наступіла поўнае зламаньне нямецкіх рыцараў на Балтыйскім узьбярэжжы, а разам з гэтым пачаўся выхад Беларусі на захад у гаспадарчых дачыненьнях. На паверхню публічнага жыцьця пачала выходзіць шляхта й баярства, а за імі мяшчане, каб здабыць сабе прывілеі, якія забясьпечвалі б ім штораз лепшыя ўмовы жыцьця. Іх дзеці змаглі пайсьці на Захад у вышэйшыя школы – у нямецкія, італьянскія, чэскія ды іншыя ўнівэрсытэты, каб здабываць навуку, а здабыўшы яе – падносілі ўзровень свайго асяродзьдзя на бацькаўшчыне. І тут пачалася трагедыя беларускай дзяржаўнай мовы. Выхаваньнікі заходніх школаў добра ведалі замежныя мовы, але амаль зусім ня ведалі свае дзяржаўнае. Тая фармальная, вонкавая разьбежнасьць паміж жывой народнай мовай і мовай дзяржаўнай стварыла запору, зьнеахвочваньне да яе як да нечага штучнага, нежыцьцёвага.

Ніна Баршчэўская