На старонках газэты „Бацькаўшчына” была зьмешчаная публікацыя Станіслава Станкевіча пад назовам Сьвятая Эванэлія і Апостальскія Дзеі („Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 19.06.1955, с. 3). У артыкуле разглядаўся пераклад гэтае рэлігійнае кнігі на беларускую мову, зроблены ксяндзом Пятром Татарыновічам і выдадзены ў Рыме ў 1954 годзе.
Аўтар публікацыі ў першай чарговасьці зьвярнуў увагу на саліднасьць і працавітасьць перакладчыка. Пераклад быў зроблены не зь якога-небудзь аднаго, больш перакладчыку даступнага першаўзору, але, кс. др Пётр Татарыновіч, прыняўшы за аснову лацінска-грэцкі тэкст Новага Запавету, навукова апрацаваны й выданы прафэсарам Папскага Біблійнага інстытуту А. Аўгустам Мэркам у Рыме ў 1944 годзе, выкарыстаў пры перакладзе змарнаваны акупантам выданы напярэрадні апошняй вайны ў Вільні ў 1939 годзе пераклад кс. мг. Вінцэнта Гадлеўскага, а таксама адзін тэкст у італьянскай мове й адзін у мове францускай.
С. Станкевіч адзначыў станоўчыя бакі выданьня. Кніга надрукаваная на добрай паперы, з густоўнай вокладкай, а паасобныя разьдзелы пачынаюцца й замыкаюцца прыгожымі застаўкамі-рысункамі. Тэкст Эванэліі і Апостальскіх Дзеяў надрукаваны гармондам (буйнымі літарамі), што аблягчае чытаньне, а выясьненьні перакладчыка, якія займаюць прыблізна адну трэць кнігі й робяць яе болей даступнай для шырокага кола чытачоў, надрукаваныя пэтытам (дробнымі літарамі), што выразна аддзяляе ад сябе абодва тэксты.
С. Станкевіч заўважыў, што кс. др. П Татарыновіч увёў нямала інавацыяў у беларускую літаратурную мову з мэтаю ачышчэньня яе ад барбарызмаў і нэалягізмаў. Аўтар публікацыі высока ацаніў гэтае імкненьне ды намеры, хаця не з усімі рэформамі перакладчыка згадзіўся. С. Станкевіч. правільным і карысным палічыў ужываньне кс.Татарыновічам пашыранага ў беларускіх гаворках слова эванэлія замест, як цьвердзіць, перанятага з расейскай мовы эвангельля.
Кніга надрукаваная беларускай лацінкай. Кс. др П. Татарыновіч выданьнем гэтае кнігі, а таксама выпускаючы грамадзка-рэлігійны месячны часопіс "Зьніч", сьвядома й пасьлядоўна прапагаваў беларускую лацінку.
У сувязі з гэтым С. Станкевіч палічыў мэтазгодным прыгадаць гісторыю лацінскага шрыфту, які ў Беларусі мае багатую традыцыю. Аўтар публікацыі адзначыў, што быў ён выключным для першых твораў беларускае адраджэнскае літаратуры, ім друкаваліся вершы Яна Чачота, творы Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, першыя выданьні Дудкі беларускай і Смыка беларускага Францішка Багушэвіча. І толькі ў нашаніўскі пэрыяд пачала пераважаць кірыліца, хаця назіралася суіснаваньне абодвух шрыфтаў. Напрыклад, калі першы зборнік вершаў Янкі Купалы Жалейка выйшаў у 1908 годзе кірыліцай, дык наступны ягоны зборнік Гусьляр паявіўся ў 1910 годзе лацінкай. Таксама газэта „Наша Ніва” ў некаторых гадох друкавалася асобна кірыліцай і асобна лацінкай.
Пасьля Рыскага трактату палажэньне зьмянілася. Ва Ўсходняй Беларусі задэкрэтаваным стаўся шрыфт кірылічны, хаця сярод многіх беларускіх культурных дзеячоў існаваў погляд, што для беларусаў больш карысным і мэтазгодным зьяўляецца шрыфт лацінскі. Гэтак, вялікая колькасьць удзельнікаў Беларускай акадэмічнай канфэрэнцыі дзеля рэформы беларускага правапісу, якая была скліканая ў Менску ў 1926 годзе, выказалася за пераход з кірыліцы на лацінку, як адзіны беларускі шрыфт, што ў 1929 годзе, з пачаткам першай хвалі перасьледу беларускай нацыянальнай культуры ў БССР, было закваліфікавана бальшавікамі як шкодніцтва й адна са спробаў штучнага адарваньня беларускае культуры ад расейскае.
У заходняй частцы Беларусі, што апынулася ў межах ІІ Рэчы Паспалітай, лацінка сталася ў асноўным шрыфтам беларускіх каталіцкіх выданьняў. Агульна пануючым шрыфтам быля кірыліца. Гэтае пашырэньне кірылічнага шрыфту за кошт лацінскага ў Заходняй Беларусі, трэба, меркаваньнем С. Станкевіча, тлумачыць абаронаю перад пагрозай палянізацыі й тэндэнцыяй да ўніфікацыі з палажэньнем у БССР.
На думку С. Станкевіча, абодва беларускія шрыфты павінны суіснаваць да таго моманту, калі Беларусь будзе сапраўды вольнай дзяржавай і самастойна здолее вырашыць усе свае пытаньні, у тым ліку й моўныя.
Пашырэньне, раўналежна з кірыліцай, лацінкі, апрача практычнае карысьці, – бо ў мовах краінаў расьсяленьня беларускае эміграцыі ўжываецца толькі лацінка – мела б і вялікае нацыянальна-палітычнае значэньне. Гэта, з аднаго боку, у значнай меры спыніла б ідэнтыфікаваньне беларусаў з расейцамі, а з другога боку – мацней засьведчыла б аб беларускай прыналежнасьці да заходняе культуры – напісаў С. Станкевіч на старонках „Бацькаўшчыны” за 19 чэрвеня 1955 году.
Ніна Баршчэўская