На старонках часопіса „Крывіч” апублікаваны быў артыкул пра крыўскі (беларускі) старадаўны лістоўны стыль (К.І., Крыўскі (беларускі) старадаўны лістоўны стыль, у: „Крывіч”, № 8, Коўна, (106-107)).
Аўтар артыкула, падпісаны крыптонімам К.І., паскардзіўся, што „стара-крыўская пісьменнасьць дагэтуль мала дасьледавана, хоць яна жыве яшчэ ў сотнях тысяч дакумантаў, лістоў і інш., якіх найболей дайшло да нас з XVІ і XVІІ ст.ст. Асабліва зьвяртае на сябе ўвагу сваім стылем прыватная перапіска, у якой ня толькі адбіваецца быт і асьвета людзей, але таксама рысуюцца іх узаемаадносіны” (Тамсама, с. 106).
Пасьля гэткага кароткага ўступу аўтар прывёў фрагмэнты лістоў.
Пачатак ліста, напісанага у 1540 годзе.
„Пане мілы лесьнічы здороўя і ўсего доброго от пана Бога верне вашэй мілості зычу як собе самому”.
Ліст закончаны іншым ветлівым зваротам.
„Затым ся зычлівой прыязьні твоей поручаю. Станіслаў Андрэевіч Довойно, староста кобрінскій шоўленскій мерэцкій”.
Да Радзівіла Чорнага ў 1562 годзе гэтак пісаў гаспадарскі земянін Здановіч:
„Мне вельцэ мілостівому пану а пану на оліцэ і несвіжу княжаті, воеводе віленскому маршалку земскому, канцлеру велікого князства літоўского старосте берэстейскому і кобрінскому его мілості Міколаю Радівілу".
А закончыў ліст гэтак:
„Вашэй мілості верне зычлівы земянін господарскі Остафей Здановіч”.
У XVІІ ст. лістоўны стыль набраў штучную завіласьць. Для прыкладу, возьмем ліст Юрыя Міхановіча, напісаны у 1672 годзе да Васіля Хранстовіча.
„Мне вельмі мілостівы а ласкавы пане, пане Васілю Хронстовічу, здороўя і помысності от Бога верне вашэй мілості зычу яко собе самому”.
Пасьля зьместу ліста.
„Затым ся ласцэ твоей поручаю, негодны слуга слуг Вашых Юрый Міхановіч.”
Цікавую спробу тытулаваньня, паміж блізкімі сваякамі, дае ліст Анны Ляўданскай (Раўбічанкі), напісанаы да яе роднага брата Раўбіча ў 1753 годзе. Пачатак ліста:
„Мне вельцэ мілостівы пане і любы брате”.
Ліст заканчваецца наступнымі словамі:
„Вашэй мілості пана зычлівая сестра і покорная слуга Анна Ляўданская.”
Ліст Карыбута-Дашкевіча з 1660 году да братовай Марыны (Абуховічанкі) затытулаваны гэтак:
„Мне вельмі мілостівая і шаноблівості годная братовая, здороўя і радості зычу”.
Ліст закончаны гэтак:
Вашэй мілості, братанец і до послуг готовы пахолок Дмітрэй Корібут-Дашкевіч, судя земскі”.
Такую цудоўную памятку пакінулі нам жыхары беларускіх земляў XVІ-XVІІ ст.ст.
А што застанецца нашым нашчадкам? Дык пішыце лісты, дарагія нашы Слухачы.
Ніна Баршчэўская