http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=159238

Колькі заплацяць беларусы за паслугі ЖКГ?

22.07.2011

У Беларусі вельмі вострым становіцца пытаньне аплаты насельніцтвам за кватэры ды за паслугі ў галіне Жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Учора дзяржава патлумачыла сваё бачаньне гэтай справы. Як паведаміла агенцтва БелТА, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей заявіў, што ў Беларусі адбудзецца паступовае павышэньне цэнаў на паслугі ЖКГ. Паводле словаў дзяржаўнага службоўцы, улады рыхтуюць наступны варыянт. Сёньняшняя цана захаваецца толькі на гэтак званае нарматыўнае спажываньне энэргіі, вады ды іншых паслугаў ЖКГ. За звышнарматыўнае спажываньне цана будзе поўнай.

Гэта зьвязана з тым, што, паводле ўладаў, беларускае насельніцтва аплачвае толькі 23% ад сапраўднага кошту жыльлёва-камунальных паслугаў. Каб ліквідаваць гэты дысбалянс, беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка заяўляў нядаўна пра тое, што асобы, якія працуюць за мяжой, будуць аплочваць паслугі ЖКГ і беларускай мэдыцыны напоўніцу. І вось чарговы крок беларускіх уладаў у гэтым накірунку, які датычыць ня толькі тых, хто працуе за мяжой.

Паводле журналістаў незалежных СМІ, гэтыя падлікі выклікаюць сумневы, таму што кошт паслугаў ЖКГ у Беларусі перавышае кошты ў Польшчы ды Летуве пры значна ніжэйшых цэнах на расейскі газ і нафту для Беларусі.

юл