Нават 160 мільярдаў эўра можа скласьці другі плян дапамогі для Грэцыі, - такім чынам вырашылі лідары зоны эўра падчас саміту ў Брусэлі. 109 мільярдаў эўра дзеля ратаваньня Грэцыі ад банкруцтва выдзяляць нацыянальныя бюджэты краінаў-чальцоў зоны ды Міжнародны валютны фонд. Астатнюю частку складуць сродкі прыватнага сэктара.
Дапамога для Грэцыі павінна загарантаваць стабільнасьць усяго Эўралянду ды недапусьціць да пашырэньня фінансавага крызысу на чарговыя чальцоўскія краіны зоны.
Тое, што не ўдалося цягам многіх месяцаў міністрам фінансаў чальцоўскіх краінаў зоны эўра, цягам 9-гадзіннага паседжаньня абмеркавалі лідары згаданых краінаў.
Мы знайшлі супольны адказ на крызыс у зоне эўра, - запэўніў старшыня Эўрапейскай рады Герман ван Рампей.
Герман ван Рампей: Сытуацыя была сапраўды сур’ёзная. Праблемы, зь якімі павінна змагацца зона эўра, маглі быць вырашаныя толькі на найвышэйшым узроўні. Нам трэба было дзейнічаць вельмі хутка, каб сытуацыя ня стала яшчэ больш небясьпечнай.
- сказаў старшыня Эўрапейскай рады.
Лідары Эўралянду вырашылі, між іншым, удвая падоўжыць пэрыяд вяртаньня выдзеленай Грэцыі пазыкі (да 15 гадоў) і зьменшыць ейную працэнтную стаўку з 4,5 да 3,5%.
У сваю чаргу, калі гаворка ідзе пра род дапамогі прыватнага сэктара: банкі, інвэстыцыйныя фонды й страхавыя фірмы змогуць выбраць адну зь некалькіх прапановаў. Пад увагу бярэцца зьмена цяперашніх грэцкіх аблігацыяў на новыя, падаўжэньне пэрыяду вяртаньня пазыкі, замену грэцкай запазычанасьці на доўгатэрміновыя аблігацыі (да 30 гадоў) і г.д. Усё гэта, паводле эўразьвязаўскіх экспэртаў, павінна дазволіць скараціць грэцкую запазычанасьць на адну чацьвёртую, а значыць прыблізна на 37 мільярдаў эўра.
Эўрапейскія лідары вырашылі прыняць згаданую праграму, нягледзячы на перасьцярогі рэйтынгавых агенцтваў, якія папярэджвалі, што аб’явяць частковае банкруцтва Грэцыі.
У ацэнцы Дарыюша Расаці, былога кіраўніка польскай дыпляматыі, пастанова саміту – гэта на самой справе адтэрмінаваньне праблемаў, а не іх рашэньне. Тым ня менш, на думку эканаміста, хаця Польшча не зьяўляецца чальцом зоны эўра, то палякі павінны быць зацікаўленыя ў рашэньні грэцкага крызысу.
Дарыюш Расаці: Наша валюта вельмі моцна рэагуе на тое, што адбываецца ў зоне эўра. Калі ў згаданай зоне ўзьнікае нейкая рызыка, то курс польскай валюты паніжаецца больш, чым самога эўра. Апрача таго трэба памятаць, што зона эўра – гэта найбуйнейшы рынак польскага экспарту. Калі там будзе крызыс, то пацерпяць польскія прадпрыемствы.
- лічыць эканаміст Дарыюш Расаці. У ягонай ацэнцы, сытуацыю ў Грэцыі павінны браць пад увагу таксама заходнія дзяржавы, у тым ліку Францыя й Нямеччына.
У сваю чаргу кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск лічыць, што частка прапановаў выратаваньня Грэцыі з крызысу – гэта польская заслуга.
Дональд Туск: Некалькі тыдняў таму польскі міністар фінансаў Яцэк Растоўскі заяўляў, што адной з галоўных мэтаў сустрэчаў па справе Грэцыі павінна быць паніжэньне працэнтных ставак міжнародных выратавальных крэдытаў. Ён нават назваў максымальныя працэнтныя стаўкі, якія не павінны перавышаць 3,5%. Нас гэта вельмі цешыць, што адзін з асноўных спосабаў рашэньня праблемы, які прапанавала Польшча, быў прыняты падчас сустрэчы лідараў зоны эўра.
- заявіў кіраўнік польскага ўраду, дадаючы, што польскі міністар ня ўдзельнічае ў перамовах лідараў зоны эўра ў выніку супраціву трох чальцоў згаданай групы. Нагадваем, Польшча чальцом Эўралянду не зьяўляецца.
Пасьля заканчэньня саміту лідараў Эўралянду, старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу заявіў таксама, што не выключае магчымасьці стварэньня адмысловага эўразьвязаўскага фонду з мэтай павышэньня канкурэнтнасьці грэцкай эканомікі. Паводле агульных ацэнкаў, шляхам згаданага фонду ў чарговых гадох Афіны маглі б атрымаць з Эўразьвязу нават 16 мільярдаў эўра.
аз