http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=159245

Запрашаем у Польшчу- „Królowy Most”

22.07.2011

Ва ўрочышчы Борык у Гарадку пад Беластокам пачынаецца „Басовішча”, а мы запрашам вас сёньня наведаць навакольныя мясьціны, а дакладней запрашаем вас у „Królowy Most” - „Каралёў мост”.

Гэтая маляўнічая мясьцовасьць, якая сёньня зьяўляецца папулярным лецішчам, знаходзіцца над ракой Плоска  ў гміне Гарадок Беластоцкага павету.

Мяцовасьць, заснаваная ў 1674 годзе, мае даволі багатую гісторыю, зьвязную з каралём Янам ІІІ Сабескім. Паводле мясцовай легенды, падчас падарожжа з Ваўкавыска ў вёсцы затрымаўся таксама кароль Зыгмунт Аўгуст, менавіта тады цягам адной ночы быў пабудаваны мост. Пасьля памянялася назва мясцовасьці з Анапаля на Каралёў мост.
На мясцовым полі стаяць два драўляныя крыжы. Паводле народнага паданьня, у гэтым месцы ў 1812 годзе была адпраўлена сьвятая імша для вялікай арміі Напалеона. Тудою праходзіў корпус маршала Нэя. Дзеля таго,  каб пракласьці шлях артылерыі, па загадзе маршала была раскапаная гара (праўдападобна, таксама цягам адной ночы). Ад тае пары месца называецца Раскапанка.

Калісьці ўладальнікі „Каралёвага маста” пабудавалі побач з Напалеонскім шляхам мураваную капліцу сьвятой Анны. На гэтай капліцы гісторыя таксама адціснула сваю пячаць. Калі гэтая частка Польшчы падлягала пад Расейскую імпэрыю, царcкія жаўнэры сакральныя прадметы разграбілі, а будынак перадалі праваслаўным вернікам. І так гэтая каплічка пераходзіла, як кажуць, з рук у рукі ў залежнасьці ад таго, хто кіраваў краінай. Цяпер у капліцы адпраўляюцца каталіцкія набажэнствы.

На Сьвятой гары знаходзяцца магілы 90 паўстанцаў Студзеньскага паўстаньня, забітых маскалямі.

Другая сусьветная вайна практычна зьнішчыла Каралёў Мост. Маёнтак, млын, іншыя забудовы былі спаленыя. Засталося толькі некалькі дрэваў з былога Радзівілаўскага парку.
Праз Каралёў Мост вядуць два турыстычныя шляхі: Напалеонскі шлях і Шлях сьвентаянскіх пагоркаў.

Увогуле ваколіцы вельмі маляўнічыя, таму й прыцягнулі польскіх кінематаграфістаў. Вядомы польскі кінарэжысэр Яцак Бромскі стварыў некалькі сваіх культавых стужак: „У Пана Бога за печкай”, „У Пана Бога ў садзе” ды  „У Пана Бога за мяжой”, сюжэт якіх разыгрываецца ў мясцовасьці Каралёў Мост. Ці ж можна знайсьці лепшую рэкляму?

Караліна Русіновіч