http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=159258

Агенцтва Moody’s панізіла рэйтынг беларускіх аблігацыяў да ўзроўню “рызыкоўных”

22.07.2011

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s учора панізіла рэйтынг аблігацыяў беларускага ўраду з узроўню B2 да узроўню B3. Прагноз па рэйтынгам – нэгатыўны, перадае інфармацыйнае агенцтва РБК. Як паніжэньне рэйтынгу дзяржаўных аблігацыяў адаб’ецца на эканамічнай сытуацыі ў краіне?

Паніжэньне рэйтынгу беларускіх бондаў не пагоршыць інвэстыцыйнай прыцягальнасьці Беларусі, бо яна сёньня й так нізкая – тлумачаць спэцыялісты ў інвэстыцыйнай галіне.

Што такое крэдытныя рэйтынгі, складаньнем якіх займаюцца сусьветныя агенцтвы кшталту Moody’s ці Standard and Poor’s? Гэта сыстэмы, якія дазваляюць параўнаць плацёжаздольнасьць пазычальнікаў ва ўсім сьвеце – тлумачыць аналітык інвэстыцыйнай кампаніі “Ренессанс-Капитал” Анастасія Галавач.

А. Галавач: Гэта сыстэма, якая дазваляе ацаніць верагоднасьць вяртаньня даўгавых забавязацельстваў краінаў. Дзяржавы могуць адрозьнівацца паводле геаграфічнага становішча, узроўню эканамічнага разьвіцьця, але дзякуючы такой уніфікаванай шкале ўдаецца ацаніць і параўнаць верагоднасьць своечасовага разьліку па пазыках. Шкала падзеленая на дзьве катэгорыі. Першая – інвэстыцыйная. Да яе трапляюць краіны ды установы, якія з высокай верагоднасьцю могуць разьлічыцца па сваіх пазыках. Другая група – спэкулятыўная. У ёй сабраныя тыя дзяржавы, якія маюць складанасьці з выплатай пазыка. У якія інвэставаць рызыкоўна.

Агенцтва Moody’s панізіла рэйтынг беларускіх дзяржаўных аблігацыяў (еўрабондаў) да ўзроўню B3. Гэта значыць, ёсьць вялікая верагоднасьць, што ўрад ня зможа па іх расплаціцца. Самым жа нізкім узроўнем рэйтынгу зьяўляецца катэгорыя С. Яна азначае вельмі высокую рызыку банкруцтва банка ці дзяржавы.

Якія наступствы нясе паніжэньне рэйтынгу дзяржаўных аблігацыяў? Беларускі ўрад цяпер будзе вымушаны павысіць выплаты па эўрабондах, каб замежныя інвэстары згадзіліся іх набываць – тлумачыць эканаміст Леанід Заіка.

Л. Заіка: Неабходна будзе павысіць працэнтныя стаўкі выплаты прыбыткаў з гэтых папераў. Калі раней эўрабонды разьмяшчаліся пад 5% альбо 8%, то ў сувязі з паніжэньнем рэйтынгу ўрад будзе вымушаны лічыцца з тым, што гэтыя аблігацыі больш рызыкоўныія. А значыць тым, хто іх купляе пазьней трэба будзе выплачваць больш.

Такім чынам, выпуск эўрабондаў аказаўся няўдалай ідэяй – лічыць Леанід Заіка. Разам з тым нядаўняе падзеньне рэйтынгу дзяржаўных аблігацыяў не панізіць іх каціровак, бо яны й так нізкія з-за крызысу – лічыць аналітык Анастасія Галавач.

А. Галавач: Паніжэньне рэйтынгу не адаб’ецца на бягучых каціроўках. Бо інвэстары ўжо даўно сочаць за эканамічнай сытуацыяй у Беларусі, памерамі золатавалютных рэзэрваў, верагоднасьцю таго, як лёгка краіна зможа выплаціць купоны па аблігацыях, якія былі прададзеныя. Гэта ўсё ўжо ўлічана, таму паніжэньне рэйтынгу ніякіх зьменаў не прынясе.

Паніжэньне рэйтынгу аблігацыяў беларускага ўраду істотна не адаб’ецца на стане беларускай эканомікі – лічыць Леанід Заіка. Саміх аблігацыяў было выпушчана вельмі няшмат. Замежныя ж інвэстары ў чарговы раз пераканаюцца, што ўкладваць грошы ў Беларусь сёньня рызыкоўна – тлумачыць эканаміст.

Л. Заіка: У Беларусі адсутнічае ня толькі дэмакратыя, але й фінансавы рынак. У Беларусі няма руху капіталу й яго ацэнкі. Таму паніжэньне рэйтынгу каштоўных папераў ніякага ўплыву на эканоміку не акажа. Аднак замежныя краіны атрымаюць сыгнал: інвэстыцыі ў Беларусі небясьпечныя.

Асноўнымі прычынамі, якія падштурхнулі Moody’s панізіць рэйтынг беларускіх аблігацыяў, само рэйтынгавае агенцтва называе скарачэньне расейскіх субсыдыяў, крытычна малыя золатавалютныя рэзэрвы Беларусі, а таксама высокую небясьпеку палітычнай ды эканамічнай дэстабілізацыі краіны.

Аляксандар Папко