Беларуская эканоміка не гатовая да свабоднага курсу рубля – заявіў учора Міхаіл Мясьніковіч на цырымоніі ўручэньня ўзнагародаў найлепшым прадпрымальнікам 2010 года. Пры гэтым беларускі прэм’ер паабяцаў “выйсьці на адзіны курс рубля на працягу бліжэйшых пары месяцаў” – перадае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН.
Міхаіл Мясьніковіч назваў умовы выхаду на адзіны курс: гэта стварэньне “падушкі бясьпекі” ў выглядзе неабходнай колькасьці золатавалютных рэзэрваў, зьніжэньне дэфіцыту зьнешняга гандлю, “узмацненьне валютнага рэгуляваньня й кантролю”.
"Мы ніколі не паддадзімся на ўгаворы чыстых імпарцераў і спэкулянтаў і не пакінем беларускі рубель у вольным плаваньні, без інтэрвэнцыяў. Наша эканоміка залежыць ад зьнешняга гандлю, і да гэтага яна яшчэ не гатовая", – падкрэсьліў Мясьніковіч.
БелаПАН/ап