http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=159370

Эўракамісія падлічвае кампэнсацыі за кішэчную палачку

25.07.2011

Эўрапейская камісія працягвае аналізаваць заявы дзяржаваў аб выплаце кампэнсацый для агароднінаводаў, якія панесьлі страты ў выніку эпідэміі кішэчнай палачкі.

Аднак сёньня рашэньне ня будзе прынятае, заявіла Камісія. Адна з прычын  - гэта дадатковыя тлумачэньні, пра якія папрасіў Брусэль у некалькіх дзяржаў. Частка ўрадаў перадала іх позьнім вечарам у пятніцу.

Польшча аказалася ў групе тых краін, якія павінны перагледзець свае заявы, таму што ў Камісіі ўзьніклі сумневы. Спачатку Варшава прасіла 81 мільён эўра кампэнсацыі – найбольш з усіх дзяржаваў, нават больш чым Гішпанія, якая панесла найбольшыя страты, таму што менавіта яе называлі крыніцай заражэньня бактэрыяй.
 
Польшча зьменшыла суму страт і суму хадайніцтва да 50 мільёнаў эўра.

Агулам за фінансавую падтрымку да Эўракамісіі зьвярнуліся 22 дзяржавы. Кампэнсацыйны фонд складае 210 мільёнаў эўра.

яс