http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=159389
З.Бандарэнка зьнік
25.07.2011
Зьмітра Бандарэнку, які сёньня раніцай быў дастаўлены ў бальніцу, павезьлі ў невядомым напрамку людзі ў цывільным.
Як паведаміла яго жонка Вольга, зьняволенага даставілі з турэмнай бальніцы ў 5-ю клініку Менска пад аховай сёньня раніцай.
Паводле яе слоў, дактары бальніцы ўжо практычна аформілі дакумэнты, але без тлумачэньня прычын Бандарэнку некуды забралі й павезьлі ў невядомым напрамку людзі ў цывільным. Дзе зараз знаходзіцца яе муж, Вольга Бандарэнка ня ведае.
Як паведамлялася раней, заўтра Бандарэнку плянавалі апэраваць у 5-й бальніцы.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава на выбарах 2010 года, Бандарэнка ў красавіку быў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі за «арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і актыўны ўдзел у іх».
У траўні яго агледзеў доктар-нэўроляг, які заявіў, што зьняволенаму патрэбна апэрацыя.
Неадкладна вызваліць Зьмітра Бандарэнку афіцыйны Менск заклікаў старшыня Эўрапарлямэнта Ежы Бузек. Гэта ён зрабіў у эфіры Польскага радыё.
БелаПАН/вс