У судзе ў Осла пачаўся допыт Андэрса Брэйвіка, якога абвінавачваюць у тэрарызьме. Нарвэгія ў шоку пасьля пятнічных тэрактаў. Экспэрты ды журналісты робяць першыя высновы.
Сёньня ў судзе горада Осла прайшоў допыт 32 - гадовага нарвэжца, Андэрса Брэйвіка, якога абвінавачваюць у арганізацыі выбуху ў Осла й нападзе на удзельнікаў моладзевага лягеру на выспе Ўтоя. У выніку загінулі 93 асобы. Падчас першых допытаў затрыманы прызнаўся ў тым, што гэта ён арганізаваў гэтыя напады. Ён заявіў таксама, што яго дзеяньні былі „жорсткімі, але неабходнымі”. Напярэдадні нападу нарвэжац выклаў у інтэрнэт свой маніфэст, дзе ён заклікаў да барацьбы з ісламам, левымі рухамі ды мультыкультуралізмам. Допыт у судзе быў зачынены для прэсы, бо паліцыя надалей ня ведае, ці Андэрс Брэйвік дзейнічаў сам, ці ў яго былі саўдзельнікі.
Журналістка нарвэжскай тэлевізіі Аса Свэнсэн сказала Польскаму радыё, што нарвэжскае грамадзтва яшчэ ня выйшла з шоку. Дагэтуль Нарвэгія лічылася краінай спакою ды нізкай злачыннасьці.
Аса Свэнсэн: У гэта цяжка паверыць, але людзі пачынаюць думаць пра тое, што здарылася, чаму так здарылася, як гэты чалавек змог напісаць такія заклікі, валодаць зброяй ды зрабіць тое, што ён зрабіў, і яго ніхто не заўважыў. Мне здаецца, што спатрэбіцца шмат месяцаў, каб зразумець, што насамрэч здарылася.
Пятнічная трагедыя стала шокам ня толькі для нарвэжцаў, але й для мусульманаў, якія жывуць у гэтай краіне. Гаворыць Фазаль Гусэйн, выхадзец з Пакістану, які ўжо 14 гадоў жыве ў Осла.
Фазал Гусэйн: Калі мы даведаліся пра выбухі, то мы перапалохаліся. Калі б высьветлілася, што за гэтым стаяць мусульмане, мы баяліся, што ў нас могуць быць праблемы. Высьветлілася, што гэта мясцовы чалавек зрабіў настолькі жудасную рэч, што ў мяне няма словаў, каб яго асудзіць. Мы заўсёды верылі, што гэта краіна спакою.
На думку Андэрса Ромаргейма, экспэрта па справах тэрарызму з Нарвэжскага інстытуту абаронных дасьледаваньняў, Брэйвікам кіравала жаданьне пашырыць свае погляды, але цяпер ягоныя ідэі ў Нарвэгіі ня будуць мець прыхільнікаў.
Андэрс Ромаргэйм: Гэтая асоба разумела моц сваіх прапагандысцкіх заклікаў і чакае адкрытага працэсу. Мы ведаем пра гэта зь ягоных ранейшых выказваньняў. Гэта трэба ўлічваць, хаця цяпер цяжка было б знайсьці кагосьці, хто ўспрыняў бы заклікі да бязьлітаснага забойства моладзі з агнястрэльнай зброі. Таму можа ўпэўнена сказаць, што ягоныя заклікі застануцца безвыніковымі.
Падзеі ў Нарвэгіі адбіліся шырокім рэхам па ўсім сьвеце. У Партугаліі, Нямеччыне ды Аўстрыі ўлады ўзмацняюць кантроль, баючыся, што знойдуцца прыхільнікі Брэйвіка гатовыя да падобных дзеяньняў. Польскі гэнерал, былы кіраўнік вайсковай выведкі Марэк Дукачэўскі лічыць, што падобныя паводзіны – гэта праява псыхічнай неўраўнаважанасьці чалавека. Спэцслужбам цяжка выкрыць такую небяспеку, бо гэтыя людзе дзейнічюць самотна. Галоўнае, каб гэтае злачынства не спарадзіла хвалі ненавісьці да іншаземцаў.
Марэк Дукачэўскі: Той факт, што прэм'ер Нарвэгіі не спрабуе выдзяліць нейкую групу, меньшасьць і ўскласьці на яе адказнасьць за трагедыю—надзвычай важная рэч. Добры прыклад - амерыканцы, якія ўважліва рэагуюць на сытуацыю, калі нейкі вар’ят абстраляў моладзь у школе, ці свайх супрацоўнікаў па працы. Гэта здараецца, але тут трэба зрабіць высновы. Вар’ятаў, з нацыяналістычнымі поглядамі, вельмі шмат. Пакуль яны нічога ня робяць, на іх не зьвяртаюць вялікай увагі. Без больш сур'ёзных сымптомаў спэцслужбам цяжка пачаць дзеяньні супраць любога радыкала. У нарвэжцаў жа высокі ўзровень дэпрэсыйных настрояў, калі да гэтага дадаць моцную ідэалягічную матывацыю, як у дадзеным выпадку, можна казаць пра некарысны зьбег абставінаў, які прывялі да трагедыі.
Яшчэ адзін некарысны факт – гэта шырокая даступнасьць зброі ў Нарвэгіі, што цяпер трэба будзе зьмяніць. Апроч некарыстнага зьбегу абставінаў, гэтая трагедыя паказала тое, якія сацыяльныя зьмены адбываюцца ў Эўропе, асабліва ў скандынаўскіх краінах, дзе пашыраюцца нэанацысцкія ды ксэнафабічныя настроі. Сумесь небяспечнай ідэалёгіі з сучаснымі сродкамі камунікацыі прывялі да трагедыі, лічыць сацыёляг Ірэніюш Кшэміньскі.
Ірэніюш Кшэміньскі: Гэта тая зьмена, якая адбываецца ў нашым сьвеце, дзякуючы Інтэрнэту, дзякуючы магчымасьці падтрымліваць кантакты на далёкія адлегласьці. Тут ня трэба ніякіх моцных арганізацыяў, якія б рыхтавалі акцыю. Гэта добры прыклад „сецявога грамадзтва”. Розныя ідэі бяруцца зь інтэрнэту, падчас размоваў з іншымі, потым чалавек пачынае верыць у свае ідэі ды пачане дзейнічаць самастойна, карыстаючыся з парадаў, як зрабіць бомбу.
Сёньня ў Нарвэгіі жалоба . Тысячы людзей моляцца за ахвяраў тэрактаў, прыносяць кветкі, запальваюць сьвечкі каля сьвятыняў. Нарвэжскае грамадзтва ў шоку, яму спатрэбіцца некалькі месяцаў, каб зразумець, што здарылася.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч