http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=159395

Славамір Адамовіч: Брэйвік – нармальны й адэкватны грамадзянін

25.07.2011

Пра прычыны й наступствы тэракту ў Нарвэгіі Польскае радыё размаўляе зь беларускім паэтам Славамірам Адамовічам, які 9 гадоў жыве ў нарвэжскім мястэчку Будзё за Палярным колам. У пачатку 90-ых Славамір Адамовіч быў ініцыятарам і старшынём ультра-правай арганізацыі “Правы Рэванш”. Зь ім гутарыць Дзьмітры Гурневіч.

 

Славамір, як Вы даведаліся пра тэракт у Осла й страляніну на Ўтоі? Якія былі вашыя першыя адчуваньні й думкі?

С. Адамовіч: Я даведаўся пра ўсё з тэлевізара. Што я тады падумаў? Ведаеце, гэта павінна было адбыцца. Адзінае, што я не чакаў, што гэта будзе зроблена нарвэжцам супраць сваіх жа нарвэжцаў. 

А чаму Вы мяркуеце, што так павінна было стацца? Нарвэгія ва ўсеагульным уяўленьні гэта краіна вельмі спакойная, багатая, нават трошкі сумная.

С. Адамовіч: Гэта так кажуць. Нешта падобнае гавораць і пра Беларусь, і іншыя невялікія краіны. Але, як той казаў, “у ціхім балоце чэрці водзяцца”. Мой 9-гадовы вопыт кажа пра адваротнае. Я ўвесь час назіраў і бачыў гэтыя праблемы, якія сёньня вылезлі.

Што за праблемы Вы маеце на ўвазе?

С. Адамовіч: Праблема, перш за ўсё, у чалавечым матэрыяле. Нарвэгіі не хапае людзкіх рук. Уласна этнічных нарвэжцаў 3,5 мільёны (усяго ў Нарвэгіі жыве 4,9 млн. чалавек – рэд.). За апошнія 40-45 гадоў, у сувязі з эканамічным разьвіцьцём, а перш за ўсё з пачаткам здабычы нафты ў Нарвэжскім моры, пачаўся эканамічны бум. Адчуўся недахоп працоўных рук. Калі нарвэжцы знаходзілі нафту, то тут жа запрашалі брытанскіх інжынераў, бо сваіх не ставала. А потым пачало не ставаць і звычайных рабочых. За апошнія 45 гадоў у краіну прыехала 900 тыс. замежнікаў. Спачатку гэта была працоўная эміграцыя, потым палітычныя. У выніку зараз 1 мільён – гэта эмігранты. Гэта каласальная лічба. Гэта робіць моцны паварот ва ўсім.

А ў чым сутнасьць праблемы эмігрантаў, калі нарвэжцы самі іх жа запрасілі?

С. Адамовіч: 6 гадоў таму па краіне пракацілася хваля забойстваў, у якіх вінаватыя былі эмігранты. Тады, дарэчы, насельніцтва моцна хіснулася ў права, і да ўлады прышлай правая партыя Høyre.

Але на апошніх выбарах перамагла левая Партыя працы, то бок большасьць не была супраць праэміграцыйнай праграмы прэм’ера Столтэнбэрга?

С. Адамовіч: У адрозьненьні ад Беларусі тут, у Нарвэгіі, палітычныя партыі акурат працуюць на карысьць мінімізацыі ўнутранных і вонкавых адмоўных уплываў. Гэта нават патрэбна, але да таго моманту, пакуль не перапаўняе берагі, пакуль яны здольныя спраўляцца з праблемаю. Але апошнія падзеі паказалі, што партыі й грамадзтва ня ў стане кантраляваць сытуацыю.

Аднак калі хтосьці й казаў пра “перапоўненыя берагі”, то гэта датычыла ў першую чаргу эмігрантаў. Але ж за гэтую жудасную трагедыю адказвае нарвэжац, блакітнавокі бляндын, які забіў сваіх жа.

С. Адамовіч: Але гэта ўсё зьвязана паміж сабой. Раней усе думалі, што вось спакойныя нарвэжцы ўпускаюць чужародны элемэнт і ня бачаць ніякай праблемы. Але аказалася, што заўважаюць. Дарэчы, уся гэтая гісторыя паказвае цяпер сытуацыю са свабодай у Нарвэгіі. Арыштаваны прасіў дапусьціць прэсу на працэс, але, на жаль, яго не паслухалі.

Мне здаецца, што гэта вельмі лагічна. Яго мэтай было данесьці да як мага большай колькасьці людзей свае нэанацысцкія ідэі. Навошта яму гэта даваць? Навошта дазваляць распаўсюджваць ягоныя хворыя ідэі?

С. Адамовіч: Ну, па-першае, варта пазьбягаць асабістых ацэнак. Калі мы будзем так лёгка пра ўсё казаць, не заглыбляючыся ў сутнасьць праблемы, то мы ступім на тыя самыя граблі. Ён ніякі не ідыёт. Тут таксама ўжо пасьпяшліся схіліць у гэты бок грамадзкую думку, маўляў, псыхічна хворы. Але псыхі ня робяць такіх грандыёзных рэчаў. Гэта нармальны адэкватны чалавек. Але трэба аддаць належнае: некаторыя вытрымкі зь яго маніфэсту ўсё ж былі зачытаныя. Журналісты ўсё ж данясуць гэта да чытачоў і слухачоў. І гэта добра. Ён нармальны грамадзянін. Як ён сам і сказаў: я ня меў іншых магчымасьцяў, легальных, палітычных, каб данесьці свае думкі й акрэсьліць праблему.

Славамір, патлумачце такую справу: ён наракае на тое, што ў яго краіне нараджаецца так мала нарвэжцаў і што ўлады вымушаныя запрашаць іншаземцаў. Але ў той жа час ён сам ня мае сям’і й дзяцей. У пэўным сэнсе ён сам стварыў гэтую “праблему”.

С. Адамовіч: Я хачу сказаць пра іншае. Наступны прыклад сьведчыць аб тым, чаму я, як магчыма ніхто, разумею Брэйвіка. У 2008 годзе да мяне зьвярнулася журналістка з NRK, гэта дзяржаўная тэлерадыёкампанія. Яна прыляцела да мяне адмыслова з Осла. Усе тыя пытаньні, якія сёньня ўзьняў гэты выбух і расстрэл, я пра ўсё гэта ёй сказаў. Размова прагучала ў эфіры, але яна з камэнтатарам, дарэчы, перакладчыкам маіх вершаў, зрабіла зь мяне дзівака, недалёкага расіста, нядобрага ўсходнеэўрапейца. Яны не захацелі нічога разумець.

А што Вы ім сказалі такое страшнае?

С. Адамовіч: Сказаў тое, што ўбачыў жывучы на самым нізе таго прыехаўшага мільёна. Распавёў пра лягеры для бежанцаў. У гарадку, дзе я жыву, на 40 тыс. жыхароў прыпадае 3 тыс. замежнікаў. Іх відаць на кожным кроку.

Але ж, Славамір, Вы таксама замежнік.

С. Адамовіч: Якраз не. Я з Усходняй Эўропы й ведаю іх мову. Яны інакш ставяцца да нас. А вось эмігранты ісламскай веры жывуць у зачыненых анклявах. У кожнага ў хаце заўсёды будзе свой сьцяг: зь Ірану, Іраку ці Чачні. Абавязкова таксама сутры з Карану на сьцяне. Ніякай інтэграцыі няма, прынамсі ў першым і другім пакаленьнях. Гэта краіна ў краіне.

Калі прыняць, што праблема сапраўды існуе, што эмігрантаў зашмат, а нараджальнасьць карэннага насельніцтва малая, што сёньня застаецца рабіць нарвэжцам? Працаваць жа камусьці трэба?

С. Адамовіч: Паводле статыстыкі, каб Нарвэгія ня толькі захавала пасьляваенны балянс, але й каб быў прагрэс, трэба, каб кожны нарвэжац нараджаў ад 3 і больш дзяцей. Калі паглядзець на вуліцы, то тут сапраўды шмат шматдзетных нарвэжскіх сем’яў, але гэтага мала. А рабочыя рукі сапраўды сёньня патрэбныя. Гэта праблема многіх эўрапейскіх краін і гэта, так бы мовіць, сама белая раса яе спарадзіла.

Дык чаму яна яе не вырашае? Чаму яны не нараджаюць шмат дзяцей?

С. Адамовіч: Вінаваты дзіка завышаны ўзровень жыцьця.  Гэта ў нас людзі баяцца нараджаць дзяцей, бо ня ведаюць, ці пракормяць, а тут перагіб у іншы бок. Людзі імкнуцца толькі мець і набываць. Імкнучыся да прагрэсу, людзі даходзяць да рэгрэсу.

Давайце вернемся да трагедыі. Падчас допыту Брэйвік сказаў, што ягоны ўчынак быў жахлівы, але ён хацеў данесьці да людзей пэўнае пасланьне. На вашую думку, ці атрымаецца ў яго тое, што ён задумаў?

С. Адамовіч: Цяжка сказаць. Хутчэй гэта ўскалыхне суседнія грамадзтвы. Калі вочы й вушы замазаныя нафтай і дабрабытам, то няма за што змагацца. Раней людзі спадзяваліся, што іхныя погляды будзе адстойваць партыя, за якую яны аддалі голас на выбарах. Але гэта ўжо даўно працуе ў халастую. Ня ведаю, як людзі гэта зразумеюць, але ў палітычным жыцьці пэўныя зьмены адбудуцца.

Славамір, ці можна казаць пра вінаватага ў гэтай жудаснай падзеі? Правыя, левыя, псыхічна хворы чалавек, мусульмане ці зьбег акалічнасьцяў?

С. Адамовіч: Было б вельмі проста сьпісаць усё на аднаго чалавека. Ня думаю, каб нарвэжцы былі ажно настолькі недалёкімі, каб так зрабіць. Яны будуць рабіць адпаведныя высновы. Дарэчы, зьвярніце ўвагу на цікавы факт: ад гэтай выспы Утоя да мацерыка ўсяго каля 700 мэтраў. Кожны з тых 700 маладзёнаў меў мабільнік, а можа й два. Усё было цудоўна чуваць на іншым беразе. І ўявіце, што паўтары гадзіны ідзе страляніна. Дзе была паліцыя? Дарэчы, да гэтага часу не было публічнай заявы ад старшыні мясцовых спэцслужбаў. Ёй проста няма чаго сказаць. Так, Брэйвік пэрсанальна вінаваты, але ж дзе грамадзкія службы? Дзе дзяржава? Мне вельмі шкада, што так сталася. Скажу трохі нясьціпла, але думаю, што калі б я зь імі сустрэўся й пагаварыў, то такога б ня здарылася. Магчыма, мне ўдалося б яго накіраваць у іншы бок. У мяне ж падобныя погляды, але я змагаўся словам.  На жаль, адбылося самае горшае. А адбылося таму, што ў грамадзтве сапраўды ёсьць праблемы. Нічога проста так не зьяўляецца і ў адной асобна ўзятай галаве не вырастае. Калі праблема не вырашаецца, то й нараджаецца монстар.

дг