http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=159420
Амбасада РП заклікала ўлады РБ вызваліць палітвязьняў
26.07.2011
Амбасада Польшчы ў Менску заклікала ўлады Беларусі гарантаваць Дзьмітрыю Бандарэнку неабходную мэдыцынскую дапамогу. Падчас знаходжаньня ў сьледчым ізалятары й турме сур’ёзна пагоршыўся стан здароўя каардынатара грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” ды даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Пра гэта зь Менску паведамляе карэспандэнт Польскага радыё.
У спэцыяльнай заяве пасольства напісана, што Эўрапейскі Зьвяз, працы ў якім цяпер узначальвае Польшча, занепакоены станам здароўя Бандарэнкі й лічыць, што адсутнасьць прафэсійнай мэдыцынскай дапамогі можа стаць прычынай інваліднасьці грамадзкага дзеяча. Амбасада Польшчы заклікала беларускія ўлады тэрмінова вызваліць усіх палітычных вязьняў. Як сёньня паведамілі інфармацыйныя крыніцы, учора вечарам Бандарэнка быў дастаўлены з турмы ў адзін зь менскіх шпіталяў з мэтай правядзеньня апэрацыі пазваночніка. Сёньня хірургі прыступілі да працы.
Бандарэнка быў затрыманы 19 сьнежня мінулага году падчас мірнай дэманстрацыі пратэсту пасьля закрыцьця ўчасткаў для галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах. Некалькі тыдняў таму суд прыгаварыў яго да 2 гадоў пазбаўленьня свабоды.
вс