http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=16577
У Эўропе шанцы маюць людзі адукаваныя?
18.11.2004
Пасьля далучэньня Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу перад палякамі адкрыліся новыя магчымасьці. Яны ўжо ня толькі могуць езьдзіць па ўсёй Эўропе без перашкодаў, але могуць таксама шукаць працу ў некаторых краінах Зьвязу без неабходных раней фармальнасьцяў. Адкрываюцца новыя рынкі працы, разьвіваецца камунікацыя – дзякуючы, у прыватнасьці, танным авія-кампаніям, сусьветнаму сеціву і іншым сродкам пошуку кантактаў – сяброўскіх ці працоўных. Асноўная ўмова дзеля таго, каб напоўніцу карыстацца гэтымі новымі магчымасьцямі – добрае валоданьне замежнымі мовамі. Праўда, ужо пасьля 1989 г. – пасьля зьмены палітычнага ладу – палякі зразумелі, што яны адстаюць у гэтым сэнсе ад іншых народаў заходняй Эўропы, але апошнім часам асобы, якія ня ведаюць мовы, трацяць усё больш.
І таму як грыбы пасьля дажджу разам з пачаткам трансфармацыі пачалі паяўляцца школы, якія прапануюць курсы замежных моваў. Цяпер у вялікіх гарадах, у прыватнасьці, у Варшаве, узровень навучаньня вельмі высокі – можна выбіраць сярод сотняў школаў, якія прапануюць розныя мэтады навучаньня, настаўнікаў-палякаў і настаўнікаў, для якіх дадзеная мова зьяўляецца роднай.
Якія мовы цяпер самыя папулярныя – з гэтым пытаньнем я зьвярнулся да Анны Длугалэнцкай з Адукацыйнага Таварыства Сакратэс.
- Трэба сказаць, што галоўным чынам ангельская мова. Яна самая
папулярная у нашай школе. 90% слуxачоў выбірае менавіта гэтую мову.
Апрача ангельскай папулярная таксама нямецкая, а апошнім часам
стала моднай гішпанская мова. Французкую мову, якая некалі была
вельмі папулярная, цяпер xоча вывучаць усё менш людзей. Мы
ладзім таксама курсы польскай мовы для іншаземцаў, і курсы расейскай
мовы, але зацікаўленьне невялікае - слуxачы вывучаюць гэтыя
мовы на індывідуальныx заняткаx з настаўнікам. Праўда, апошнім часам усё больш людзей пытаецца пра расейскую мову, паколькі асобы, якія
шукаюць працу, заўважылі, што працадаўцы часам шукаюць
працаўнікоў, якія валодаюць гэтай мовай, але пакуль што нам не
ўдалося стварыць цэлай групы.
Калі неxта шукае працу, то патрэбная перш за ўсё ангельская мова. Але
цяпер гэта лічыцца ўжо стандартам. Апрача ангельскай, добра было б
ведаць таксама нейкую іншую мову. Мы ладзім курсы ня толькі
для моладзі, якая шукае працу, але таксама для дарослыx людзей, што ўжо працуюць, але трэба ім павысіць сваю моўную кваліфікацыю. Тады адкрываюцца перад імі новыя пэрспэктывы, магчымасьць кар'еры альбо замежнай камандзіроўкі.
Калісьці падставай вычучэньня замежнай мовы была граматыка – лічылася, што найперш чалавек павінен глыбока пазнаць граматычныя правілы, а толькі пазьней пашыраць свой славарны запас. Цяпер мэтады навучаньня зьмяніліся, граматыка адыйшла на другі плян – гаворыць мэтодык замежных моваў Магдалена Разэцка.
- Найбольш папулярным мэтадам навучаньня замежным мовам зьяўляецца цяпер – як у Польшчы, так і на сьвеце, гэтак званы камунікатыўны мэтад. Гэта азначае, што акцэнт кладзецца на жывую мову, на размову. У сваю чаргу граматыка выконвае тут другарадную ролю. Зразумела, граматыка надалей вельмі важная, паколькі немагчыма гаварыць правільна, ня ведаючы граматычных правілаў, але нельга, каб з самага пачатку ў чалавека ўзнікла боязь перад мовай з тае прычыны, што ён памыляецца, і часам карыстаецца няправільнай граматычнай формай. Ад самых пачаткаў навучаньня мы стараемся так вучыць нашых курсантаў, каб яны змаглі знайсьці паразуменьне з людзьмі за мяжою у самых простых сытуацыях – найперш у краме, на вуліцы, у штадзённым жыцьці, якое прымушвае чалавека кантактавацца з іншымі людзьмі. Калі славарны запас расьце, то пашыраюцца таксама магчымасьці камунікацыі з іншымі людзьмі – уводзяцца новыя формы, новыя, больш складаныя сытуацыі. Так што гэты камунікатыўны мэтад цяпер зьўяляецца самым папулярным у большасьці школаў, якія навучаюць замежным мовам.
Апошнім часам вельмі модным стаў таксама гэтак званы мэтад Кэлэна. Праўда, у мяне ёсьць засьцярогі да гэтага спосабу навучаньня, але ён даволі распаўсюджаны. Ён заключаецца ў тым, што на занятках настаўнік з самага пачатку гаворыць на замежнай мове, стараецца гаварыць хутка, ужываючы багаты запас словаў, і пастаянна задае пытаньні слухачам, да таго часу, калі яны навучацца правільна адказваць на пытаньні. Зразумела, часта здараецца, што курсанты не разумеюць настаўніка, тады ён павінен цярпліва растлумачыць, у чым справа. Але да гэтых курсаў друкуюцца адмысловыя падручнікі, якія дапамагаюць вучням зразумець, пра што ідзе гаворка.
Як даведваемся са словаў мэтодыка Магдалены Разэцкай, можна выбіраць ня толькі мову, якую хочам вывучаць, але таксама мэтад, пры дапамозе якога яе пазнаем.
Для адукаваных цяпер адкрытыя ўсе дарогі – калі нехта мае адпаведную кваліфікацыю, і добрае валоданьне замежнай мовай, то можа паспрабаваць знайсьці працу ў ворганах Эўрапейскага Зьвязу. Менавіта для такіх людзей ладзіць моўныя курсы Цэнтар Эўрапейскай Інтэграцыі ў Познані.
Ангельская, нямецкая мова – менавіта гэтыя дзьве мовы карыстаюцца найбольшай папулярнасьцю ў Познані – кажа Яанна Мараўска з Цэнтру. Дарэчы, ня толькі ў Познані, бо менавіта гэтыя дзьве мовы найбольш ахвотна вывучаюць палякі. Гэта выклікана рацыянальным падыходам да працы – вядома, ангельская мова стала сродкам міжнароднай камунікацыі, а нямецкая мова папулярная з увагі на блізкае суседства з Нямеччынай, і на велічыню гэтай дзяржавы. У Эўрапейскім Зьвязе, зразумела, функцыянуюць таксама іншыя мовы, на прыклад французкая, і Цэнтар спрабаваў ладзіць курсы гэтай таксама мовы, але зацікаўленьне было невялікае – дадае Я. Мараўска.
- Курсы мы ладзім на высокім узроўні валоданьня мовай. Найперш кандыдат праходзіць праверку, на колькі добра ён валодае замежнай мовай, а тады толькі мы прымаем яго на курсы. Мы зацікаўленыя ў тым, каб у групах ступень валоданьня мовай была на прыблізна аднолькавым узроўні, каб можна было эфэктыўна весьці заняткі. Праграму курсаў рыхтуюць выкладчыкі, якія працуюць ва ўнівэрсытэце. Яны апрацавалі аўтарскую праграму, датычную гэтай менавіта тэматыкі. Усё навучаньне адбываецца выключна на замежнай мове. Курсанты даведваюцца пра прынцыпы функцыянаваньня ўстановаў Эўрапейскага Зьвязу ў шырокім кантэксьце – юрыдычным, эканамічным ды палітычным. Апрача гэтага, нашыя слухачы вучацца, як выступаць перад публікай на замежнай мове, пісаць рапарты, артыкулы. Зразумела, знаёмяцца таксама з юрыдычнымі актамі Эўразьвязу – дэрэктывамі, пастановамі, і вучацца іх інтэрпрэтаваць. Вывучаюць гісторыю Эўрапейскага Зьвязу, вучацца расказваць пра яе на замежнай мове. Як я ўжо сказала, выкладчыкі рыхтуюць аўтарскія праграмы навучаньня, але мы таксама заказываем адмысловыя падручнікі з тэстамі, якія ўжо паяўляліся падчас моўных экзаменаў падчас конкурсаў на розныя пасады ў Эўрапейскім Зьвязе.
Такім чынам, нават выдатнае валоданьне замежнай мовай ды прафэсыйная падрыхтоўка не даюць гарантыі працы ва ўстановах Эўрапейскага Зьвязу. Трэба яшчэ добра пазнаць гісторыю інтэграцыі ды падставы функцыянаваньня ўсіх ворганаў супольнсьці. Яанна Мараўска гаворыць, што два гады таму, калі яны пачалі ладзіць курсы замежнай мовы на падставе ведаў пра Эўразьвяз, зацікаўленьне сярод патэнцыйных слухачоў было вельмі вялікім. Гэта й ня дзіўна, бо тады ж існавала пэрспэктыва, што ўдасца выехаць працаваць ва ўстановах Эўрапейскага Зьвязу. Цяпер папулярнасьць курсаў зьменшылася, паколькі большасьць конкурсаў на працу чыноўнікаў у Зьвязе ўжо закончылася. Апрача гэтага, многія кандыдаты на высокія пасады ў Зьвязе дасканаляць сваё валоданьне мовай пры падтрымцы ўласных працадаўцаў. Але курсы надалей адбываюцца, і ёсьць зацікаўленыя.
- Вялікае зацікаўленьне назіраецца сярод студэнтаў, якія плянуюць пасьля заканчэньня навучаньня ў ВНУ выехаць за мяжу, можа ў Брусэль. Яны думаюць пра магчымасьць стажыроўкі ва ўстановах Зьвязу – такая падрыхтоўка вельмі ім прыдаецца.
Валоданьне замежнымі мовамі зьяўляецца паказчыкам адукаванасьці грамадзтва – гэта спраўджваецца прынамсі ва ўсходняй частцы Эўропы, дзе прадстаўнікі вышэйшых сфэраў заўсёды стараліся авалодаць замежнай мовай. Некалі добрым тонам было валоданьне французкай мовай, пазьней польскай, а цяпер ангельскай.
Калі нехта ў Польшчы хоча вывучаць мову на прыватных курсах, то ў яго вельмі шырокія магчымасьці. А як выглядае навучаньне ў грамадзкіх школах – ці ёсьць зьверху вызначаная праграма і ўзрост, калі павінна пачынацца навучаньне, ці кожная школа сама вырашае гэтае пытаньне – гаворыць Марыя Гажэляк, галоўны рэдактар двухмесячніка “Замежныя мовы ў школе”.
- Ёсьць праграмны базіс, які абавязкова павінны выконваць усе грамадзкія школы. Існуюць агульныя рэкамэндацыі, як праводзіць адукацыю, і што вучні павінны ведаць на паасобных этапах вывучэньня дадзенай мовы. Гэты праграмны базіс адзіны для ўсіх школаў, але падручнікі, праграмы, тэмп навучаньня – гэта ўсё ўжо выбірае школа й настаўнік замежнай мовы. Абавязкова навучаньне замежнай мове павінна распачацца ў чацьвертай клясе пачатковай школы, але калі школа багацейшая, мае дадатковыя сродкі, то вучні могуць пазнаваць мову і з першай клясы. І такая менавіта рэкамэндацыя Міністэрства Адукацыі.
Як сказала Марыя Гажэляк, абавязковае навучаньне пачынаецца, як і ў Беларусі, з 4 клясы. Але некаторыя прыватныя школы замежных моваў ідуць далей - прапануюць распачаць навучаньне ангельскай мове з першага году жыцьця. Такіх маленьскіх дзяцей вучаць мэтадам, які апрацавала ангелька Хэлен Доран. Ці сапраўды гадавалае дзіцё, якое ня ўмее яшчэ гаварць нават на роднай мове, можа нешта вынесьці з заняткаў па замежнай мове – з гэтым пытаньне я зьвярнулася да Магдалены Паўлоўскай, рэгіянальнага дырэктара школы Хэлен Доран.
- Навучаньне павінна праxодзіць натуральным чынам, праз гульню. Зразумела, што ёсць сэнс пачынаць вучыць такія маленькія дзеці - а як дзеці пазнаюць некалькі моваў у семяx, дзе бацькі размаўляюць на розныx моваx – мы стараемся выкарыстоўваць натуральныя агромныя здольнасці малыx дзяцей да моваў. І стараемся стварыць дзецям умовы, падобныя да тыx, якія назіраюцца ў двуxмоўныx сем'яx. Дзіця штодзённа павінна слуxаць касэты, якія бацькі атрымліваюць на курсаx, а падчас заняткаў мы не перакладаем з ангельскай на польскую мову, усё адбываецца толькі па-ангельску. Настаўнік дапамагае дзецям атаесамліваць гук за значэньнем дадзенага гуку. Такая навука павінна пачынацца як мага раней - ад нараджэньня, а нават лепш было б, каб дзіця яшчэ у жываце мамы мела кантакт з мовай - і сваёй роднай, і замежнай. Пазнаваньне чужой мовы гэта цудоўная "гімнастыка" для мозгу. Такія дзеці маюць лепшую памяць, прасцей ім вывучыць чарговую мову, а нават яны маюць пераважна большыя музычныя ды матэматычныя здольнасцьі.
Нашыя курсанты - дзеці, якія пачалі вывучаць мову ва ўзросце году, а нават менш, праз два - тры гады з прыемнасцью слухаюць і глядзяць казкі на ангельскай мове - гэтая мова становіцца для іx блізкай.
Як вынікае са словаў Магдалены Паўлоўскай, найлепш распачаць навучаньне яшчэ на першым году жыцьця. Але калі нехта не вывучыў мову ў дзяцінстве, то пазьней часта ня верыць, што можа яшчэ авалодаць нейкай “чужой” мовай. Я хачу прывесьці прыклад чалавека, які аспрэчвае гэты тэзіс – кіраўнік Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка валодае, і то дасканала, некалькімі мовамі – я чула ягонае выказваньне па польскім радыё, на польскай мове, калі ён гаварыў практычна без акцэнту, на вельмі чыстай і граматычна правільнай мове. Апрача польскай, ён валодае таксама добра ангельскай, чэскай, летувіскай, і , зразумела, беларускай ды расейскай мовамі. Я пацікавілася, як спадару Вінцуку ўдалося гэтага дабіцца – ці гэта фэнамэнальны талент да моваў, ці ўсё ж такі больш укладзенай у навуку працы.
- Перад усім гэта ёсьць нашая цэнтральна-эўрапейская традыцыя – калі нельга абмяжоўвацца толькі адною моваю міжнацыянальнага камунікаваньня, скажам, ангельскай, альбо якую нам штучна накідалі, навязвалі – расейскаю. Абавязкова трэба ведаць яшчэ мовы сваіх суседзяў. Павінен сказаць, што гэта мне моцна дапамагае пачувацца зарыентаваным у палітычным і духоўным жыцьці нашага рэгіёну - той факт, што я валодаю таксама летувіскай, украінскай, чэскай і іншымі мовамі.
А што датычыць канкрэтных тэхнічных шляхоў авалоданьня, то тут трэба хацець гэта рабіць. Трэба ствараць сабе ўмовы, каб чуць і чытаць тую мову, якой хочаш авалодаць. Патрэбнае перад усім жаданьне й тады знойдуцца тыя спосабы, якімі чалавек дапаможа сабе якасна авалодаць той ці іншай мовай. У кожнага ёсьць свае індывідуальныя асаблівасьці – камусьці лягчэй авалодаць вуснаю моваю, і выкарыстоўваць хутчэй вушы, камусьці – чытаць, чытаць кнігі, граматыкі – гэта вельмі індывідуальна.
А якія ў вас можа ёсьць свае ўласныя мэтады на вывучэньне моваў?
- Я звычайна, калі браўся за нейкую мову, то стараўся як мага больш слухаць радыё на гэтай мове й прачытваў лінгвістычны мінімум, які датычыць традыцыйнай графікі, артаграфіі й нейкую мінімальную граматыку. А пасьля гэтага йшло засваеньне лексыкі.
Старшыню БНФ можна назваць сапраўдным паліглётам. І, на што трэба зьвярнуць увагу, ён працягвае вывучаць замежныя мовы, нягледзячы на не юнацкі ўжо ўзрост і вялікую занятасьць палітычнай дзейнасьцю.
А як сытуацыя выглядае ў Беларусі – вядома, самая папулярная ангельская, але беларусам блізкая таксама польская мова – яна належыць да той жа лінгвістычнай групы, славянскай, і традыцыйна блізкая таксама жыхарам Беларусі польская культура. Але ў часы Савецкага Саюзу польская мова была апальнай – не было школаў, дзе навучаньне вялося б толькі па-польску, не йснавалі афіцыйныя цэнтры полськай мовы ды культуры. Пасьля таго, як Беларусь стала незалежнай дзяржавай, сталі паяўляецца такія пляцоўкі, і яны існуюць дагэтуль, хаця сустракаюцца з сур’ёзнымі цяжкасьцямі. Гаворка ідзе ня толькі пра часам недабразычлівае стаўленьне ўладаў, але перш за ўсё пра недахоп тэхнічных магчымасьцяў.
З такімі праблемамі сустракаецца таксама польская пачатковая ды сярэдняя школа ў Ваўкавыску. Цяпер ва ўстанове вучыцца ва ўсіх клясах 190 дзяцей. Навучаньне павінна весьціся на польскай мове, але не заўсёды гэта ўдаецца – кажа Рышард Худзяк, дырэктар школы.
- На жаль, ня ўсё выходзіць. Дзеці, напрыклад, ня маюць фізыкі на польскай мове. З Польшчы нам не прыслалі настаўніка фізыкі, таму яна выкладаецца на расейскай мове. А ў Беларусі цяжка знайсьці настаўніка, які валодаў бы фізыкай на польскай мове. А астатнія прадметы выкладаюцца па-польску, так, як і павінна быць.
На падставе якіх падручнікаў вучацца дзеці?
- На падставе беларускіх падручнікаў. Праўда, яны ўсе на расейскай мове. Маем падручнікі на польскай мове, выдадзеныя ў Беларусі, ў пачатковай школе. Так што для вучняў пачатковай школы няма ніякіх праблемаў. Пачатковая школа забясьпечаная ўсімі падручнікаміп, сшыткамі й гэтак далей. Праблемы ўзьнікаюць далей, калі прыходзяць вучні ў сярэднюю школу, у пятую клясу. Нажаль, пакуль няма падручнікаў і ня ведаю, ці яны калі-небудзь будуць.
У такім выпадку ў вас вялікія цяжкасьці з навучаньнем, калі ўсё павінна адбывацца на польскай мове, а няма падручнікаў, як жа дзеці вучацца дома?
- Што ж, нашыя настаўнікі павінны быць перакладчыкамі, і зьяўляюцца імі. А дзеці ж усе ведаюць некалькі моваў – і польскую, і расейскую. То перакладаюць самі сабе. Зразумела, гэта цяжка. Яны практычна атрымліваюць адукацыю на дзьвюх мовах. Чытаюць на адной мове, адказваюць на другой. Я, напрыклад, ня так даўно быў на гісторыі – бачыў, як адказваюць дзеці. Перад вучнем падручнік на расейскай мове, а адказвае на польскай мове. Зразумела, ёсьць свае мінусы, але ёсьць і плюсы такой сытуацыі. Мінусы зразумела якія, а плюс такі, што дзіця пазнае дадзеную тэму адначасова на дзьвюх мовах.
Былі ў вас ужо выпускнікі?
- Так, два выпускі.
Ці вы сочыце за лёсамі сваіх выпускнікоў – як яны пераважна складваюцца, ці яны звязваюць свой далейшы лёс з Польшчай?
- Так, у гэтым годзе з 11 выпускнікоў 8 паступіла ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Адзін вучыцца ў Менску, другі – у Берасьці, а пяць паступіла ў ВНУ ў Польшчы. У мінулым годзе з 16 выпускнікоў 11 паступіла ў польскія вышэйшыя ўстановы. Так што пераважная большасьць звязвае свой лёс з Польшчай. Дарэчы, нічога дзіўнага ў гэтым няма.
А скажыце, як навучаюцца замежныя мовы ў вашай школе. Калі дзеці адразу пачынаюць навучаньне практычна на дзьвюх мовах, то ці яшчэ дадаеце ім нейкую замежную? Ці ўвогуле ёсьць нейкія дырэктывы зверху, ці кожная школа сама сабе выбірае мову й праграму?
- Мы самі выбіраем мову ў залежнасьці ад жаданьня бацькоў. Самі ведаеце, што цяпер найбольш папулярная ангельская мова. Так што мы выбралі ангельскую, але ў іншых школах ёсьць і французкая, і нямецкая, і гішпаніская. А ў нашай школе ад самага пачатку, як на першым смходзе з бацькамі вырашылі, што будзе ангельская мова, так і засталося. З першай клясы выкладаецца ангельская мова. Так што адразу дзеці пачынаюць вывучаць чатыры мовы – цяжкавата, для бацькоў гэта часамі вялікі шок, але дзеці сабе даюць раду. Так што з першай уклясы ангельская мова выкладаецца, ёсьць клясы з паглыбленым вывучэньнем гэтай мовы – такое было жаданьне бацькоў. І вучні, зразумела, прайшлі тэсты й адабралі тых лепшых, якія могуць хадзіць у такую клясу.
Натальля Грышкевіч