http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=18664
Дэмаграфічныя працэсы ў Беларусі
22.01.2005
Пачынаючы з 1993 году ў Беларусі назіраецца працэс дэпапуляцыі - так адбываецца, калі сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць. Паводле ўступных ацэнак Міністэрства Статыстыкі і Аналізу, колькасьць насельніцтва Беларусі за 2004 г. зьменшылася на амаль 50 тыс. чалавек і на 1 студзеня 2005 г. склала 9 млн. 799 тыс. асоб. Як паведамляе Міністэрства Статыстыкі, скарачэньне колькасьці жыхароў у краіне зьвязана з вышэйшым паказчыкам сьмяротнасьці ў параўнаньні з колькасьцю нованароджаных пры адначасовым памяншэньні міграцыйнага прыросту.
Гаворыць сацыёляг Андрэй Вардамацкі.
А.В: Гэта глябальны працэс. Так адбываецца і ў Расеі, і ў Заходняй Эўропе. Зь іншага боку, можна гаварыць і пра наступствы Чарнобыля. Для краіны - гэта заўсёды дрэнна, бо празь нейкі час нацыя можа зьменшыцца ўдвая. Таму трэба нейкім чынам зьмяняць тэндэнцыі. Трэба павышаць узровень мэдыцынскай апекі. Неабходна выпрацаваць стратэгію ўплыву на сацыяльна-дэмаграфічныя працэсы, зьвязаныя з нараджальнасьцю дзяцей, з сацыяльным забесьпячэньнем моладзі. Падсумоўваючы, я хачу падкрэсьліць, што гэтая зьява не ўнікальная для Беларусі.
З такім сьцьвярджэньнем сп.Вардамацкага пагаджаецца былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч, хоць падкрэсьлівае адначасова вагу сацыяльнай прадтрымкі з боку дзяржавы.
Ст.Б.: Я думаю, што гэта агульнаэўрапейская праблема. Гэта праблема ня толькі эканомікі, бо эканамічная сытуацыя бывала горшай, і людзі жылі горш, а нараджальнасьць была нашмат вышэйшай. У тым ліку і ў Беларусі.
Аднак у сёньняшняй сытуацыі гэта зьвязана зь неабходнасьцю дзяржаўнай падтрымкі нараджальнасьці дзяцей і ўмацоўваньня сямейных каштоўнасьцяў у краіне. На мой погляд, менавіта дзяржава павінна стварыць умовы дзеля забесьпячэньня кватэрамі маладых людзей, дзеля павялічэньня даступнасьці доўгатэрміновых крэдытаў, напр. на 40-50 гадоў, магчыма, беспрацэнтных. Дзяржаўная падтрымка павінна быць комплекснай. Нельга забываць пра маральную пазыцыю й выхаваньне людзей.
Лічыць Ст.Багданкевіч. А вось якія шляхі вырашэньня дэмаграфічных праблем Беларусі бачыць Андрэй Вардамацкі.
А.В.: Маладзёвая палітыка ў першую чаргу. А на самой справе - корань мае эканамічны характар. Калі маладыя людзі баяцца рэпрадукаваць нашчадкаў, то прычыны гэтага ў першую чагу эканамічныя. Калі йдзе значны эканамічны рост, то гэтыя пытаньні самыя вырашаюцца. Апрача таго ня без значэньня даступнасьць жытла, добрыя заробкі й мэнтальны складнік - маладыя людзі павінны кіравацца ня толькі эгаізмам, а думаць таксама пра сямейнае прадоўжаньне. Каштоўнасьці тут адыгрываюць значную ролю. Калі йдзе арыентацыя толькі на працу, толькі на кар'еру, то паглыбляецца зьява дэмаграфічнай ямы.
І гэтая дэмаграфічная яма, пра якую гаварыў Андрэй Вардамацкі, бачна таксама на падставе яшчэ аднаго статыстычнага паказчыка. Колькасьць новых сужонстваў за 11 месяцаў мінулага году была на 12% меншай, чым за аналягічны пэрыяд 2003 г. Гэтая розьніца склала 8 тыс. шлюбаў. На яшчэ адну сацыяльную праблему Беларусі ў размове з нашым радыё зьвярнуў увагу Ст.Багданкевіч.
Ст.Б.: У нас афіцыйна лічыцца, што 600 тыс. грамадзянаў Беларусі ня маюць жытла. Канешне, гэта агромністая праблема. Я б сказаў, што дзяржава нешта там робіць у дадзеным напрамку, напр. калі нараджаецца трэцяе дзіця, дапамагае з кватэрай, дае магчымасьць узяць крэдыт. Нешта там робіцца, але ўсё залежыць ад эканамічнай сытуацыі. А ў нашай краіне, нягледзячы на ўсю афіцыйную статыстыку, працягваецца сур'ёзны эканамічны крызыс.
Лічыць. сп.Багданкевіч і дадае - крызыс крызысам, а спрыяць павышэньню нараджальнасьці дзяржава павінна. Нават няглядзечы на тое, што сацыяльная ахова грамадзянаў - гэта вельмі дарагая справа, і ня ўсе багатыя эўрапейскія краіны могуць сабе на гэта дазволіць.
Ст.Б.: Я думаю, што гэта можна рабіць. Я гэта як банкір магу сказаць. У нас вельмі шмат рэсурсаў з буджэту йдзе на розныя нерацыянальныя выдаткі. Будуюцца лядовыя палацы. Нават палякі не будуюць столькі спартыўных комплексаў, колькі будуе іх Лукашэнка. Шмат грошай размантачваецца. Узяць вось толькі незавершаныя будаўніцтвы. Шмат грошай укладваецца ў неэфэктыўную прадукцыю, а гэта непасрэдны вынік адсутнасьці ў краіне рэформаў, якія большасьць нашых суседзяў даўно ўжо правяла й заклала фундамэнт пад эфэктыўную камэрцыйную эканоміку.
Мне, як эканамісту й палітыку, хацелася б думаць, што нараджальнасьць можна было б павялічыць, калі б вялася больш разумная эканамічная палітыка, і перш-наперш крэдытная палітыка, зьвязаная зь інвэстыцыямі ў жытло.
Мы дзесяткі гадоў і пры савецкай уладзе, і сёньня ўсё яшчэ вырашаем жыльлёвую праблему. А выйсьце ёсьць - трэба даць мажлівасьць кожнаму грамадзяніну самастойна пабудаваць сабе дом ці кватэру пад ільготныя працэнты. А рызыку для банкаў ускласьці на дзяржаву. І такім чынам гэтую праблему можна было б вырашаць.
Лічыць былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.
Ёсьць жыльлёвая праблема. Але ёсьць таксама людзі, якія бачаць спосабы яе вырашэньня. Цікава, ці дзяржаўныя чыноўнікі іх бачаць?
Эльвіра Богдан