http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=18726

Юшчанка прэзыдэнтам, што чакае Беларусь?

24.01.2005




Пераможца „аранжавай рэвалюцыі” Віктар Юшчанка ў нядзелю афіцыйна стаў прэзыдэнтам Украіны. Багатая й дэмакратычная Ўкраіна – гэта асноўныя мэты новага прэзыдэнта. У час урачыстага паседжаньня парлямэнту Юшчанка склаў прысягу на вернасьць народу.


Юшчанка: „Я, Віктар Юшчанка, выбраны воляй народу на прэзыдэнта Ўкраіны, прысягаю вернасьць Украіне, забавязваюся абараняць сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны й дбаць пра дабрабыт украінскага народу.”




Пасьля прысягі Юшчанка перахрысьціўся, пацалаваў украінскую Канстытуцыю й Пэрэсопныцкае Эвангельле з XVІ стагодзьдзя. Ва ўрачыстай прамове Віктар Юшчанка падкрэсьліў, што справядлівыя выбары, за якія змагаліся грамадзяне Ўкраіны, ды легальная перадача ўлады ў краіне зьяўляюцца вялікай нацыянальнай перамогай.

Юшчанка: „Грамадзяне Ўкраіны выйгралі справядлівыя выбары, згодна з законамі адбылася перадача ўлады. Гэта вялікая нацыянальная перамога.”

- сказаў Юшчанка ў час урачыстай прамовы ў будынку парлямэнту. Новы прэзыдэнт падзякаваў дэпутатам Вышэйшай Рады за абарону дэмакратыі й незалежнасьці Ўкраіны. Заклікаў іх таксама супрацоўнічаць, сьцьвярджаючы, што ўсіх яднае адна мэта - багатая, дэмакратычная Ўкраіна. Віктар Юшчанка запрасіў потым усіх прысутных на Пляц Незалежнасьці, дзе сабралося звыш 500 тысячаў украінцаў. Там новаабраны прэзыдэнт
падкрэсьліў, што свабодная Ўкраіна зьяўляецца заслугай усіх грамадзянаў.

Юшчанка: „Мы скінулі цяжар мінулага. Ужо ніколі ніхто ня скажа нам як жыць і каго выбіраць.”

На ўрачыстасьці інаўгурацыі трэцяга прэзыдэнта незалежнай Украіны ў Кіеў прыехала звыш 60 дэлегацыяў. Сярод гасцей было 7 прэзыдэнтаў, у тым ліку й прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі, дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл, генэральны сакратар Паўночна-Атлянтычнага Пакту Яп дэ Хоп Шэфэр і кіраўнік расейскай Рады Фэдэрацыі Сяргей Міронаў. Ганаровым госьцем быў былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавел.

Якім чынам выбар Віктара Юшчанкі на прэзыдэнта Ўкраіны паўплывае на сытуацыю ў Беларусі? У час урачыстай інаўгурацыі ў парлямэнце, а таксама на пляцы Незалежнасьці быў лідар Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька.

Лябедзька: „Эмацыйны ўздым тут неверагодны. Зараз сотні тысячаў людзей выйшлі на вуліцы Кіева. Вельмі моцны выступ Юшчанкі, і я хачу сказаць, што ягоная прамова да народу на Майдане была значна мацнейшая, чым выступ у парлямэнце. Зразумела, эмацыйная сувязь зь Беларусяй існуе. Калі будзе посьпех у Юшчанкі й новага ўраду, то нашыя шанцы павышаюцца. Калі будуць праблемы, то будуць таксама спэкуляцыі беларускай улады, што шлях „аранжавай рэвалюцыі” ня даў посьпехаў. Пакуль будзем радавацца „белай зайздрасьцю” за нашых братоў украінцаў. Ужо анэкдот зьявіўся – чаму Лукашэнка не гуляе ў баскетбол? Таму што мячы аранжавыя. Натуральна, што аранжавы прывід блукаецца па чырвоным доме, дзе знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка. Судовы працэс над Марынічам, зачыстка ў сілавых структурах, у КДБ – усё гэта сьведчыць пра тое, што ўлады ў Беларусі баяцца. Я думаю, што ў нас не паўторыцца тое, што ў Кіеве, але тым ня менш, падзеі ў Кіеве прыбліжаюць свабоду ў Беларусі.”

Аднымі з асноўных прынцыпаў новай Украіны Віктар Юшчанка назваў свабоду слова й СМІ на Ўкраіне. Ці свабодныя ўкраінскія СМІ паўплываюць на сытуацыю мэдыяў у Беларусі? Старшыня Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Жанна Ліцьвіна.

Ліцьвіна: „У нас ёсьць спадзяваньне, што падзеі ва Ўкраіне станоўча паўплываюць на праблему, зьвязаную са свабодай слова ў нашай краіне. Падзеі ва Ўкраіне й нам даюць надзею на тое, што гэтыя настроі, прынцыпы наблізяцца да нас.”

Вялікую ролю ў аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне адыграла падтрымка з боку Польшчы й палякаў. Пра гэта і ўчора ўспаміналі людзі, якія сабраліся на Пляцы Незалежнасьці. Прысутны на ўрачыстасьці інаўгурацыі прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі лічыць, што Віктар Юшчанка будзе важным удзельнікам міжнароднага жыцьця.

Квасьнеўскі: „У Юшчанкі вялікі шанец на тое, каб вялікі энтузіязм украінцаў выкарыстаць цяпер дзеля эканамічнага й дэмакратычнага разьвіцьця краіны. Аднак яго чакае цяпер таксама шмат выклікаў. Найважнейшыя праблемы, якія стаяць перад ім, гэта палітычны падзел Украіны, а таксама слабая эканоміка. Дадаткова - у людзей вялікія чаканьні, але я веру, што яму ўдасца."

Падзеі ва Ўкраіне зрабілі вялікае ўражаньне на краінах былога Савецкага Саюзу, асабліва там, дзе аранжавы сцэнар падзеяў, мог бы сапраўды давесьці да зьмены на пасадзе кіраўніка краіны. Сярод такіх краінаў адмыслоўцы на першым месцы кажуць пра Беларусь. Аднак ці беларускае грамадзтва адчуе сваю моц, каб выйсьці на вуліцы й патрабаваць зьменаў?

Тамаш Саевіч